Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён ня мог павесіцца сам». Што мы даведаліся за першы тыдзень разгляду справы Коржыча. Коратка

абноўлена

Саслужыўцы загінулага салдата расказваюць пра дзедаўшчыну і ня вераць, што ён мог скончыць жыцьцё самагубствам. Свабода сабрала асноўныя факты, якія былі агучаныя за першы тыдзень разгляду справы.

Сьцісла:

  1. Апытаныя салдаты казалі, што дзяліліся зь сяржантамі прадуктамі і цыгарэтамі, і расказвалі, як іх зьбівалі і прымушалі рабіць фізычныя практыкаваньні.
  2. Саслужыўцы Коржыча называюць дзеяньні сяржантаў «нармальнымі».
  3. Коржыч меў таварна-фінансавыя адносіны з падсудным сяржантам.
  4. Псыхалягічны стан Коржыча рэзка пагоршыўся пасьля двух тыдняў у мэдпункце.
  5. Саслужыўцы нябожчыка сьцьвярджаюць, што ніколі ня чулі ад яго пра намеры зрабіць самагубства.

Дзедаўшчына ў Печах была

Пра існаваньне нестатутных адносін расказваюць усе апытаныя салдаты. Іхнія паказаньні збольшага паўтараюцца і апісваюць адны і тыя ж падзеі. Салдаты сьведчаць пра практыку «дзяліцца» зь сяржантамі прадуктамі і цыгарэтамі ўзамен за магчымасьць наведаць вайсковую краму, пастаяннае зьбіваньне і прымус да фізычных практыкаваньняў — прысяданьняў і адцісканьняў, у тым ліку ў начны час у адгазьніках. Усе апытаныя салдаты расказваюць пра «выкуп» у сяржантаў сваіх мабільных тэлефонаў і называюць сумы 20–40 рублёў, у залежнасьці ад мадэлі мабільніка.

Салдаты расказалі пра асобныя выпадкі зьдзекаў сяржантаў з шарагоўцаў: удары гумовай палкай, шпурляньне рыдлёўкамі, змушэньне мыць прыбіральню.

Паводле іх, прапаршчыкі і афіцэры часткі ведалі пра нестатутныя адносіны, былі іх сьведкамі, але нічога не рабілі.

Большасьць салдат дзеяньні сяржантаў не асуджаюць

Сьведкі на судзе
Сьведкі на судзе

​Большасьць саслужыўцаў Аляксандра Коржыча, якіх сьледзтва прызнавала пацярпелымі (такіх каля 50 чалавек), на суд не зьявіліся. Тыя, хто прысутнічае на працэсе і дае паказаньні, ацэньваюць дзеяньні абвінавачаных сяржантаў неадназначна. У асноўным апытаныя пацярпелыя характарызуюць абвінавачаных як «нармальных», а іх дзеяньні не асуджаюць. Адкрыта пра нанесеную маральную шкоду заяўляюць адзінкі. Пры гэтым пакуль ніхто з пацярпелых салдат не заявіў пра намер патрабаваць кампэнсацыі з боку абвінавачаных.

Некаторыя з пацярпелых расказалі, што адмаўляліся падпарадкоўвацца незаконным загадам сяржантаў, не адціскаліся ўначы ў адгазьніках і не хацелі набываць у краме сяржантам прадукты і цыгарэты. У адказ іх на некалькі дзён пазбаўлялі права курыць, наведваць гандлёвыя кропкі, адпускалі ў прыбіральню толькі двойчы на дзень. Такія дзеяньні сяржанты тлумачылі патрабаваньнямі вайсковага статуту.

Сяржанты карысталіся фінансавай забясьпечанасьцю Коржыча

У судзе. 8 жніўня 2018 году
У судзе. 8 жніўня 2018 году

​Пра тое, што Аляксандар Коржыч меў у сваёй роце асаблівы статус, гавораць усе апытаныя тварышы па службе. Пачынаючы зь сярэдзіны ліпеня Коржыча амаль не прыцягвалі да гаспадарчых прац. Замест гэтага, па словах пацярпелых салдат, ён рэгулярна наведваў разьмешчаныя на тэрыторыі часткі крамы, дзе набываў прадукты і цыгарэты сяржанту Бараноўскаму. Вядомы як мінімум адзін выпадак, калі Коржыч заплаціў 30 рублёў сяржанту Бараноўскаму за магчымасьць пазьбегнуць фізычных практыкаваньняў і гаспадарчых прац.

Па словах некаторых пацярпелых, адносіны Аляксандра Коржыча з абвінавачаным сяржантам Бараноўскім былі амаль сяброўскія. Іх часта бачылі разам, Коржыч мог дазволіць сабе ў якасьці жарту легчы на ложак Бараноўскага ў казарме. Некаторыя лічаць такія адносіны вынікам таго, што Коржыч пастаянна плаціў сяржанту альбо набываў яму цыгарэты, каву і прадукты харчаваньня. Апытаныя пацярпелыя салдаты адзначаюць, што Коржычу даставалася прыкладна такая ж колькасьць удараў і зьдзекаў, як і ўсім астатнім шарагоўцам. Таксама вядома, што Коржыч перадаў свой смартфон сяржанту Бараноўскаму ўзамен за магчымасьць пэрыядычна карыстацца ім у вольны час.

Псыхалягічны стан Коржыча рэзка пагоршыўся пасьля мэдпункту

Маці і бабуля Аляксандра Коржыча
Маці і бабуля Аляксандра Коржыча

У канцы жніўня — пачатку верасьня 2017 году Аляксандар Коржыч трапіў у мэдпункт з прастудай. Там ён правёў каля двух тыдняў. Пасьля мэдпункту Коржыч, па словах саслужыўцаў, вярнуўся «інакшым чалавекам». Ён пачаў скардзіцца на боль у сэрцы, дрэннае лячэньне і страх памерці. Як расказалі адразу некалькі салдат, Аляксандар Коржыч мог беспрычынна спыніць размову і нават заплакаць. Празь некалькі дзён пасьля выпіскі з мэдпункту ён трапіў у мэдроту, адкуль ужо не вярнуўся.

Да наведваньня мэдпункту, па словах саслужыўцаў, Аляксандар Коржыч меў добрыя адносіны з салдатамі сваёй роты. Ня быў дэпрэсіўны, часта жартаваў, не выказваў незадаволенасьці дзеяньнямі сяржантаў і ня скардзіўся на прыцясьненьні зь іх боку.

Некаторыя саслужыўцы ня вераць у самагубства

Салдаты, якіх запрасілі на суд сьведкамі
Салдаты, якіх запрасілі на суд сьведкамі

​Падрабязнасьцяў пра самагубства Коржыча апытаныя салдаты ня ведаюць. Большасьць зь іх пра сьмерць саслужыўца даведаліся ад сьледчых СК. Некаторыя катэгарычна заяўляюць, што ня вераць у самагубства Коржыча.

«Я дагэтуль не магу зразумець, як Коржыч мог павесіцца, — заявіў у судзе 15 жніўня пацярпелы Сяргей Шымко. — Ён вельмі пільна сачыў за сваім здароўем. Нават калі націраў невялікі мазоль на назе, адразу набываў іншы абутак. У Коржыча была самая вялікая аптэчка ў роце. Пасьля мэдпункту ён вельмі турбаваўся за сваё здароўе, баяўся памерці. Я не магу паверыць, што такі чалавек мог пайсьці і сам павесіцца. Я ня веру ў гэта».

Саслужыўцы загінулага салдата сьцьвярджаюць, што ніколі ня чулі ад яго пра намер учыніць самагубства альбо пра жаданьне пайсьці з жыцьця.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Справу аб трагічнай гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча расьсьледавалі каля 9 месяцаў, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Да працэсу расьсьледаваньня ў якасьці выключэньня была дапушчаная маці нябожчыка Сьвятлана Коржыч.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Праз два тыдні пасьля таго, як у падвале вайсковай часткі ў Печах знайшлі труп Аляксандра Коржыча, Сьледчы камітэт Беларусі распачаў 8 крымінальных спраў у дачыненьні да 8 вайскоўцаў. Пазьней колькасьць затрыманых у справе Аляксандра Коржыча вайскоўцаў павялічвалася: акрамя сяржантаў і прапаршчыка, за краты трапілі таксама два афіцэры, якія кіравалі ротай Коржыча. Аднак з больш чым 15 чалавек, затрыманых у справе, на лаве падсудных у першым працэсе апынуліся толькі тры сяржанты, якім прад'явілі абвінавачваньні паводле ч. 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

У справе салдата Коржыча, які загінуў у войску, будуць судзіць толькі сяржантаў

Частка 3 артыкула 455 КК. Злоўжываньне начальніка ці службовай асобы ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі зь цяжкімі наступствамі. Пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Часткі 1 і 2 арт. 430 КК. Прыняцьце службовай асобай для сябе ці для блізкіх матэрыяльных каштоўнасьцяў ці выгод маёмаснага характару. Караецца абмежаваньнем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу. На 31 ліпеня ў судах знаходзіцца яшчэ 12 крымінальных спраў за дзедаўшчыну, у іх фігуруе 19 асобаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG