Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка кітайскага дантыста. Беларускае Чэлсі


Менск, здымак з дрону

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

БЕЛАРУСКАЕ ЧЭЛСІ

Наймацнейшае ўражаньне Менск зрабіў на мяне ня нейкім маляўнічым кварталам ці будынкам, а звычайнай чорна-белай фатаграфіяй у юбілейным альбоме да 900-х угодкаў гораду. Сярод знаёмых сталінскіх краявідаў з ГУМамі ды КГБ там было і некалькі здымкаў старога Менску. Я доўга разглядаў а­дзін зь іх, намагаючыся прыпомніць адлюстраваную мясьціну. Зьняты з вышыні фрагмэнт гара­дзкой забудовы нагадваў хутчэй старую Вільню — крывізною вулак, перапляценьнем праходных двароў і душэўнай прыземленасьцю дамкоў. Але я дарэмна напружваў сваю памяць. Гэта былі зьнесеныя на пачатку 1970-х кварталы вуліцы Нямігі.

Пасьля таго завочнага знаёмства я проста захварэў на тую незнаёмую Нямігу. Я зайздросьціў тым, хто калісьці ха­дзіў па яе тратуарах, хто некалі нешта набыў у яе крамках ці, як Адам Глёбус, шпурляў камяні ў яе ўжо нежывыя вокны ў 1972-м. Увесь сталінска-машэраўскі Менск не дараўноўваў Нямізе. Я га­дзінамі прастойваў на мосьце каля Дому мадэляў і мадэляваў, якая б гэта вуліца магла быць сёньня. Каб пазбавіцца сваёй настальгіі, я пайшоў да старога менскага інтэлігента, паэта Валянціна Тараса.

Валянцін Тарас
Валянцін Тарас

— Гэта быў а­дзін з самых страшных раёнаў, у асноўным камянiцы: простыя, без анiякiх выгодаў, без архiтэктурных упрыгожаньняў. Былi паўдраўляныя дамкi: першы паверх цагляны, другi — драўляны, невялiчкiя балькончыкi. Увогуле вельмi брудны й перанаселены раён. Там у асноўным жыла габрэйская бедната. Там жылi і рамесьнiкi габрэйскiя, i ювэлiры, i шаўцы, i краўцы, i цырульнiкi. Былi і ўкрапіны беларускага насельнiцтва. Дарэчы, на Нямiзе нара­дзiўся й жыў паэт Сяргей Дзяргай.

ЖЫЦЬЦЁ ЛІТАРАЛЬНА ВІРАВАЛА

Валянцін Тарас паглыбляўся ў свае ўспаміны, і Няміга пакрысе ажывала ў маім уяўленьні чорна-белымі кадрамі старога дакумэнтальнага кіно.

— У вайну ўсе габрэi пайшлi ў гета. Шмат прыватных рамесьнiкаў Нямiгi загрымелі яшчэ ў трыццаць сёмым. Iх маёмасьць была сканфiскаваная, i яны ўсе зь сем’ямi былi высланыя. У асноўным ва Ўзбэцкую чамусьцi ССР. На бераг Аральскага мора. Але вось гэтая нямiская традыцыя захавалася нiбы ў паветры. I ў часе вайны там аднавiлiся розныя прыватныя майстэрнi. Нават iснавала некалькi невялiчкiх кавярняў.

Менск, вуліца Няміга, 1944
Менск, вуліца Няміга, 1944

Цёплая згадка пра «невялічкія кавярні» ня толькі пацьвер­дзіла колішнюю асацыяцыю са старой Вільняй. Дзякуючы ёй у старых дакумэнтальных кадрах пачаў зьяўляцца колер.

— Няміга была вельмi своеасаблiвая, калярытная перш за ўсё сваiм чалавечым асяродкам. Там жыцьцё лiтаральна вiравала. I вось пасьля вайны пайшло страшэннае нiвэляваньне ўсяго нашага, усяго самаснага. Разбураны горад, разбураныя вёскi, усё паспальвана. Загiнуў сапраўды кожны чацьверты, калi ня кожны трэцi. I панаехалi з Расеi спэцыялiсты самых розных кiрункаў i прафэсiяў. Iнжынэры, будаўнiкi, настаўнiкi й шматлюднае чыноўнiцтва. I пачалося нiвэляваньне гораду. Менск адбудоўваўся адразу ў клясычным iмпэрскім сталiнскім кшталце. Цяжкавагавыя гэтыя будынiны… Калi зьнiкла Нямiга, зьнiкла i вельмi цiкавая, нейкая шчымлiвая такая нота — з жыцьця гораду, зь яго адметнасьцi. Хоць ён нiколi вялiкай прыгажосьцю не адрозьнiваўся. Але ўсё ж такi былi нейкiя акцэнты… менавiта нашы. Старога беларускага гораду. Дзе, на жаль, з аб’ектыўных прычынаў было мала беларусаў. Было больш габрэяў, палякаў, расейцаў. I ў той жа час гэта ўсё ж быў беларускi горад. I вёска беларуская, i мястэчка прыўносiлi сюды калярыт такой правiнцыйнасьцi, крыху вясковасьцi. Але ў тым i была прыемнасьць гэтай гара­дзкой мэлёдыi.

Я слухаў старога менчука й ніяк ня мог зразумець — чаму Няміга не была апетая ў вершах? Я гартаў у бібліятэках беларускія кніжкі канца шасьці­дзясятых у на­дзеі пачуць голас калі не пратэсту, дык шкадаваньня. Але ніякай трывогі ні ў кога не было. Наадварот. Вельмі аптымістычна гучаў а­дзін абзац з кніжкі «Горад і годы», таксама прысьвечанай юбілею 1967-га. Артыкул распавядаў пра пляны будучых стратаў.

Праект забудовы старога гораду ў Менску
Праект забудовы старога гораду ў Менску

«Вялiкае значэньне для разгрузкi руху ў цэнтры гораду мае арганiзацыя пасажырскага руху па лiнii, якая дублюе Ленiнскi праспэкт. Такiм кірункам з захаду, згодна з генэральным плянам, зьяўляецца ланцуг магiстраляў у скла­дзе вулiц Горкага, Нямiгi, Мясьнiкова, Люксэмбург, Савецкiх пагранiчнiкаў. Каб выкарыстаць гэтую лiнiю, неабходна пабудаваць мост церазь Сьвiслач (ён ужо будуецца), пашырыць вулiцу Нямiгу i пракласьцi шляхаправод па вулiцы Люксэмбург».

А­дзіным тэкстам, прысьвечаным захавань­ню вуліцы, быў артыкул у газэце «Правда» за 1969 год Зянона Пазьняка й Лявона Баразны:

«Менск — горад з прамымi, шырокiмi вулiцамi, з сучаснымi шматпавярховымi дамамi, зусiм яшчэ юнымi паркамi й сквэрамi. Увесь ён так i сьвецiцца маладосьцю, хоць за плячыма ў яго ўжо дзевяць стаго­дзь­дзяў i вялiкая слаўная гiсторыя. Каб хоць крышку пазнаёмiцца зь ёю, трэба спусьцiцца па Камсамольскай вулiцы ўнiз…

Тут цiхiя старыя вулiцы, нязвыкла вузкiя й нават крыху цесныя. Асфальту няма. Замест яго — шлiфаваны камень альбо проста брук. Тратуары аздобленыя плiткаю. Увечары спакойна гараць каваныя лiхтары ды мiгцiць сьветлавая рэкляма, запрашаючы зайсьцi ва ўтульныя кавярнi з самабытнымi й арыгiнальнымi iнтэр’ерамi. Адчыненыя дзьверы стылiзаваных у нацыянальным стылi крамаў, дзе прадаюцца сувэнiры, вырабы народных майстроў з жалеза, дрэва, скуры, непаўторныя й чыста «менскiя». Побач — букiнiстычная кнiгарня, музэй-майстэрня старажытнага рамяства, турыстычнае бюро, клюб фотааматараў…

Менск, вуліца Няміга, 1941
Менск, вуліца Няміга, 1941

Але ўсё гэта можа аказацца нязбытным. Стануць на месцы старых, з чырвонай цэглы дамкоў высокiя прыгажуны са шкла й бэтону, i можа быць, з часам нават вулiцу пераймянуюць — назавуць Нямiгу Сонечнай цi Паднябеснай… Прынамсi пакуль што архiтэктары зь нядбайнасьцю канцылярыстаў закрэсьлiлi нашую фантазiю, якай мы толькi што па­дзялiлiся».

Уяўляю, якія паблажлівыя ўсьмешкі гэты артыкул мог выклікаць тады ў будаўнікоў сталіцы, якія плянавалі ўзьвесьці, як пісаў у часопісе «Строительство и архитектура Белоруссии» архітэктар Ігар Мусінскі, «беларускае Чэлсі, толькі лепш». Аўтар, пэўна, меў на ўвазе ня лёнданскае прадмесьце, а небасяжны раён Мангэтану. Праўда, на вялікі жаль архітэктара, ягонаму праекту не наканавана было ажыцьцявіцца цалкам. «Чэлсі», толькі горш, паўстаў на заходнім баку вуліцы. А зь першымі павевамі дэмакратыі зьявілася і пытаньне пра далейшы лёс усходняга боку. На якім, згодна праекту Мусінскага, мусілі стаяць хмарачосы. Архітэктар няспраўджанага праекту дзяліўся сваімі думкамі:

Дом Мусінскага
Дом Мусінскага

«Я не гісторык архітэктуры. Але нават ня будучы ім, магу з пэўнай ступеньню аб’ектыўнасьці меркаваць пра каштоўнасьці падманныя і сапраўдныя. Па-мойму, кожнаму неперадузятаму чалавеку ясна, што ўзво­дзіць у ранг гістарычных помнікаў старыя хлявы, адна- і двухпавярховыя дамы, разьмешчаныя паміж вуліцамі Нямігай і Рэвалюцыйнай, проста несур’ёзна. Цяжка нават уявіць, як могуць гэтыя разваліны, у прамым і пераносным сэнсе, быць у гармоніі з сучасным комплексам заходняга боку».

1999, сьнежань

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Паэт і вэтэран НКВД

Дзе закапанае панскае золата

Сынтэз паганства і хрысьціянства

Асілак на дрэве

Гадаваўся «пры гарэлцы»

Невядомая Надзея

Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору

Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай

Імя па маці

«Быў час, быў век, была эпоха…»

Стары Новы год у Каралішчавічах

Хто закончыў «школу наадварот»

Пад’езд старых кавалераў

Груша над дняпроўскаю стромаю

«Зямля пад белымі крыламі»

Швэйкаў штук 50

«Паэтаў мінскіх атаман»

Прыватныя гісторыі пра Караткевіча

«Мутнае вока»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG