Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка кітайскага дантыста. Швэйкаў штук 50


Салдат Швэйк

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

ШВЭЙКАЎ ШТУК 50

Назваць Караткевічаў дом на вуліцы Карла Маркса ў Менску забытым адрасам не паварочваецца язык. Будынак, у якім была апошняя кватэра пісьменьніка, вядомы кожнаму сталаму менчуку. У першую чаргу дзякуючы мэмарыяльнай шыль­дзе, зь якой пазірае той Караткевіч, якім ён мог быць вясною 1973-га. Ідучы ў госьці ў 24-ю кватэру дому нумар 36, я меў дзіўнае пачуцьцё сваёй спозьненасьці. Бо тэарэтычна мог спаткацца з гаспадаром кватэры і да 1984 году, калі ён сышоў назаўжды. Сям’я пісьменьніка Вячаслава Адамчыка жыла з Караткевічамі на адной лесьвічнай пляцоўцы. Таму Вало­дзя Адамчык, ён жа Адам Глёбус, быў у Караткевіча нярэдкім госьцем.

Адам Глёбус
Адам Глёбус

— У яго было вялікае пачуцьцё гумару. Што для беларускай літаратуры даволі нехарактэрна. Прытым гумару тонкага, іранічнага, шматхадовага. Ён мог выбудоўваць камбінацыю, інтрыгаваць. І зь ім, вядома, цікава было, заўсёды цікава. Ён ведаў шмат жартаў, любіў жартаваць. Ён зачытваўся Гашэкам, Чапэкам. Зьбіраў… у яго было гэтых Швэйкаў штук 50. Спаў са Швэйкамі. У яго заўсёды ложак быў прыбраны цацкамі. Швэйкі. Ён зьбіраў лялькі чарцей і Швэйкаў зьбіраў.

— Яго нельга было назваць дысыдэнтам, але наколькі ён быў савецкі чалавек?

— Антысаветчык, дысыдэнт, змагар за нейкія каштоўнасьці — таксама нейкая ідэальная рэч, якой няма ў прыро­дзе. Як Гогаль пісаў — што гэта за пісьменьнік, які ня можа падмануць цэнзара? Ясна, што Караткевіч падманваў цэнзара. Ясна, што яго забаранялі. І што ў асяродку пісьменьнікаў… Калі ў цябе нічога не забаранілі — ну які ты пісьменьнік? Назваць дысыдэнтам — я б не называў. Мне слова не падабаецца. Як і савецкі чалавек. Гэта хутчэй паліталягічны тэрмін, а не рэальнае жыцьцё. Дзя­дзя Вало­дзя — беларускі пісьменьнік. Клясык беларускай літаратуры. Прытым рэдкі беларускі пісьменьнік, якога дзеці чытаюць з задавальненьнем.

КАЛІ СІЛЫ СКОНЧАЦЦА — ПІШЫ ФАНТАСТЫКУ

— А ці было нешта сказанае Караткевічам, што помніцца да сёньня?

Дарчыя надпісы Ўладзімера Караткевіча
Дарчыя надпісы Ўладзімера Караткевіча

— Я захапляўся раманам і вельмі яго цаню… раман «Нельга забыць». Таму што гэта раман пра каханьне, раман пра рэальнае каханьне. Раман, калі Караткевіч паспрабаваў быць пісьменьнікам найвышэйшага гатунку. І гэтая спроба… Я наагул люблю ў літаратуры такія спробы. Мне як творцу больш цікавыя правалы літаратараў, чым іх дасягненьні. Дасягненьне заўсёды невядома як зробленае. А калі чалавек не дасягнуў… Мэта была большая, чым ён мог зрабіць. І я гаварыў пра гэта з Караткевічам, і кажу, што з задавальненьнем прачытаў гэты Ваш раман і ён мне вельмі падабаецца. На што ён сказаў: «Ведаеш, я рады, што ты ацэньваеш маю творчасьць. Але я скептычна да сябе як да творцы стаўлюся. І ты мусіш ставіцца да сябе заўсёды скептычна. І калі ты бачыш, што ты ня можаш нечага зрабіць, то заніжай плянку. Ня можаш напісаць выразнае, рэалістычнае, клясычнае апавяданьне — напішы фантастычнае. І сілы будуць увесь час цябе пакідаць. Ты бу­дзеш жыць, і сіл бу­дзе ўсё менш-менш. Менш імпэту. І калі сілы зусім скончацца нават на дэтэктывы, інтрыгу будаваць, матывацыі прыдумляць — пішы фантастыку. Пішы лёгка. Пішы шмат». Да фантастыкі я ніяк яшчэ не дайду. Але дайду…

У кватэры пісьменьніка цяпер жыве сям’я Алены і Васіля Сянкевічаў. Алена Сянкевіч — гераіня апавяданьня «Як руйнуюцца ідалы», пляменьніца клясыка, дачка ягонай сястры Натальлі. Спадары Алена і Васіль стараюцца не чапаць нічога, што засталося з тых, караткевіцкіх, часоў. У кабінэце пісьменьніка няма халоднай нежывой музэйнасьці. Быццам чалавек выйшаў па «Беламор» га­дзіну таму. Але зараз вернецца. Кім быў насамрэч яе дзя­дзька, Алена Сянкевіч зразумела ўжо пасьля сьмерці Караткевіча.

Уладзімер Караткевіч з пляменьніцай
Уладзімер Караткевіч з пляменьніцай

— Перш за ўсё ён быў дзя­дзька. Не пісьменьнік хутчэй… Хаця, безумоўна, дзякуючы яму асабіста я… Мы жылі ў Чалябінску. Калі сюды прыехалі, не вывучалі ні беларускую мову, ні літаратуру. Але ж вось пачала чытаць я па-беларуску. І ўжо потым прыйшло адчуваньне, што ён вялікі пісьменьнік… Але ж тады, на жаль, нават гэтыя паездкі ў Рагачоў… Не хапіла розуму занатаваць нешта, запісаць. Здавалася, што дзя­дзька бу­дзе заўсёды.

Кабінэт Караткевіча — гэта вялікі пакой вокнамі на вуліцу Карла Маркса. Дзьве сьцяны ад падлогі да столі застаўленыя кніжнымі шафамі. Бібліятэка вельмі разнастайная — ад тагачасных літаратурных навінак да расейскай «Большой энциклопедии» 1896 году выданьня. І на кожнай паліцы перад кнігамі безьліч усялякіх сувэніраў, драбностак, марскіх каменьчыкаў, нейкіх куфэркаў, фігурак і халера ведае чаго яшчэ… Швэйкі і чэрці ў гэтым пара­дзе сапраўды займаюць заўважнае месца. Насупраць вакна — канапа. Над ёю гіпсавая Пагоня і партрэт Багдановіча. Васіль Сянкевіч кажа, што ўсе рэчы засталіся на сваіх месцах ад ліпеня 1984-га.

— Тут засталося ўсё так, як было пры Караткевічу. Швэйк. У розных выявах ён тут ёсьць. Ён вельмі любіў. І дзе бачыў гэтыя фігуркі — ці сам купляў, ці прывозілі яму. А гэта яго дзядуля па маме. Васіль. Вельмі быў разумны чалавек, адукаваны. Рагачоўскі. Гэта гаспадар таго дому, які цяпер там захаваўся.

Дом дзеда пісьменьніка ў Рагачове
Дом дзеда пісьменьніка ў Рагачове

НЯЎЖО І Ў НОВЫМ ГО­ДЗЕ НЯ ЎБАЧЫЦЬ МНЕ РАМАНА?

Дзед пісьменьніка, у рагачоўскім доме якога я калісьці быў, на здымку дакладна пасуе свайму дому. Такі ж грунтоўны і станісты. З сур’ёзным, ле­дзь не сяр­дзітым позіркам з-пад белых броваў. Зь вялізнаю белаю каляднаю барадою. Васіль Сянкевіч паказаў на дзьверы ў залю:

— Ула­дзімер Сямёнавіч праз гэтыя дзьверы сюды захо­дзіў і гля­дзеў тэлевізар, які цяпер у Воршы ў музэі. Ён у нас на лецішчы стаяў. Я не магу выкінуць рэч Караткевіча. Я сябе не адчуваю гаспадаром гэтай кватэры. Гэта кватэра Караткевіча, я гэта ведаю. Не гаспадары мы тут. Але ж так здарылася, што нам трэба яе зьберагаць.

Музэй Уладзімера Караткевіча ў Воршы
Музэй Уладзімера Караткевіча ў Воршы

На сама­дзейным плякаце малады Караткевіч у паласатым швэдры чухае патыліцу. Здымак адмыслова павялічаны. Побач верш:

Чакаў я доўга. Го­дзе.

Трымаў сябе рахмана.

Няўжо і ў Новым го­дзе

Ня ўбачыць мне рамана?

«Гэты швэдар, у якім ён тут сфатаграфаваны, — патлумачыла Алена, — мы аддалі ў музэй. А верш — пра „Каласы“…»

У Караткевічавых дамах і мясьцінах вельмі моцна адчуваецца тое, што можна назваць ягоным полем. Тут, у кватэры над кнігарняй «Веды», яно проста зашкальвае. І спакойна жыць — есьці, прымаць ванну, гля­дзець тэлевізар, класьціся спаць — у такім энэргетычным атачэньні могуць толькі блізкія. Сапраўды блізкія лю­дзі. Гэта я да таго, як нам усім пашанцавала з гэтым незабытым адрасам. Дзе жывуць родныя Караткевічу лю­дзі, звычайныя менскія інжынэры Алена і Васіль. Чые дзеці без прынукі ведаюць, хто яны і навошта ўсё.

Аглядаючы залю, пазіраючы на тыя карціны, пэйзажы Ціхановіча і Сергіевіча, на старыя драўляныя скульптуры анёлаў, прывезеныя гаспадаром з экспэдыцыяў, я спрабую адгадаць — хто з пэрсанажаў мог тут жыць. Мне здаецца, гэта пакоі пана Дубатоўка. Адчуваецца жарсьць да старасьвеччыны і шырокі нораў. Пра шчодрасьць гаспадара кватэры ўспомніла Ізабэла Гатоўчыц:

Мастацтвазнаўца Ізабэла Гатоўчыц
Мастацтвазнаўца Ізабэла Гатоўчыц

— Увогуле пра шчодрасьць Вало­дзі можна легенды расказваць. Гэта ўжо было, калі не было на сьвеце Валі. Я іду з працы праз Аляксандраўскі сквэрык. І бачу — ся­дзіць Вало­дзя перад фантанчыкам і нешта чытае. Мне здалося, што ён нейкі задуменны і заняты сваімі думкамі. І каб не перашкаджаць, я не аклікнула Вало­дзю і пайшла далей. Аднак аклікнуў Вало­дзя: «Ты што ж не здароваесься». Я кажу: «Прабач, Вало­дзя. Я думала, ты заняты сваімі думкамі». «Сядай». Прысела разам. І Вало­дзя раптам пытаецца: «Можа, у цябе грошай няма? А то ў мяне хоць сракай еш». Я па­дзякавала Вало­дзю. Вало­дзя папытаўся яшчэ раз. Можа, усё ж такі патрэбныя. Бо ў яго няма куды дзяваць. Сапраўды, грошай ён не цаніў. Ставіўся да іх абыякава. Гэта значыць, што калі былі грошы, быў поўны дом гасьцей, калі Вало­дзя не працаваў. Гэта — радасьць дапамогі блізкім. Заўсёды, што называецца, шырокі жэст.

Калі глядзець на фотапартрэты ўсьмешлівага Караткевіча, складаецца вобраз утульнага, бесканфліктнага вясёлага таўстуна. Ня трэба давярацца фота. Утульным і бесканфліктным Караткевіч ніколі ня быў.

— Калі-нікалі вельмі ляканічна Вало­дзя гаварыў пра сваю работу. Увогуле пра сваю работу ён гаварыць не любіў. Ён яе выношваў, а потым, калі са­дзіўся за стол, ён любіў, каб яму не перашкаджалі. Аднак увечары звычайна ў доме Караткевіча зьбіраліся сябры, бо дом гэты быў вельмі гасьцінны. Можа, і занадта гасьцінны. Можа, больш, чым трэба было. І Вало­дзя быў вельмі шырокім чалавекам. Для Вало­дзі выпіўка, калі за сталом былі лю­дзі, была прычынай для размоваў, для нейкіх апавяданьняў цікавых. Аднак калі нехта з прысутных наступаў на любімы мазоль Вало­дзеў, закранаў нейкія яго любімыя тэмы ня ў тым сэнсе альбо неяк непаважліва ставіўся да некага з герояў гістарычных, якіх любіў Вало­дзя, гэта сканчалася вельмі шумна. Ён мог пагражаць. Мог устаць і сказаць, каб усе ішлі зь яго дому. Прычым тут жа, адразу, зьбіралі свае шмоткі і ішлі…

Калі б Ізабэла Гатоўчыц, расказваючы, не называла імя героя, я, мабыць, усё роўна б здагадаўся, пра каго і­дзе гаворка. Бо, здаецца, сярод беларускіх літаратараў не было настолькі «несур’ёзнага» і недарослага чалавека.

— У адпачынак Вало­дзя любіў езь­дзіць на Чорнае мора. І звычайна ў верасьні ён зьяўляўся ў «Збор помнікаў», які знахо­дзіўся ў цэнтральным будынку Акадэміі навук, з катранамі. Гэта такія акулы ня вельмі вялікага памеру, але усё ж такі акулы, высушаныя на сонцы. Зь вяленымі акуламі, набраўшы многа бутэлек піва. Ён вельмі так ганарова ўвахо­дзіў у «Збор помнікаў», выкладаў гэтых катранаў на стол і казаў: «Калі хоць адна сабака адмовіцца іх есьці, бу­дзе мець справу са мной!» Ну есьці гэтых катранаў было няпроста. Таму што акула — гэта драпежнік і патыхае, прабачце, псінай. Аднак, выслухаўшы такую прадмову, усе елі гэтых катранаў, запівалі півам і вельмі хвалілі. Усе стараліся зрабіць выгляд, што катраны вельмі смачныя і што зь півам гэта — першы клас.

З дазволу гаспадыні Алены (а можна пася­дзець?) я адсунуў цяжкае крэсла гаспадара і сеў за ягоны працоўны стол. Прасе­дзеў некалькі сэкундаў. Мне стала вельмі не па сабе. Я амаль фізычна адчуў дыскамфорт. Я быў у скуры блазна, што ўскараскаўся на каралеўскі трон.

2005, ліпень

P. S. У Менск я упершыню прыехаў летам 1982-га. На «Беларусьфільм», дзе здымалася «Чужая бацькаўшчына». Блукаючы па цэнтры гораду, захо­дзіў і ў Аляксандраўскі сквэр, дзе мог спаткацца зь пісьменьнікам, чыё імя ўжо ведаў. Яшчэ не з прачытаных кніг, але ўжо з кінафільму «Дзікае паляваньне караля Стаха». А яшчэ з кніжных паліц у дамах маіх аднаклясьнікаў — хатніх бібліятэк рабочых да інжынэраў «Гомсельмашу». Беларускія кнігі сярод тамоў Марыса Друона ды Аляксандра Дзюма трапляліся нячаста. Купала і Колас, абавязковыя для школы. Сярод неабавязковых, але чытаных часам трапляўся бэлетрыст Іван Шамякін. Аднак Караткевіч быў на асаблівым месцы. Ягоныя кнігі выдаваліся шасьці­дзесяці- і болей тысячнымі накладамі, але ў кнігарнях іх купіць было нялёгка. Па іх выстройваліся чэргі, яны стаялі на паліцах у так званых кнігаабменах. Караткевіча нельга было набыць. Яго трэба было дастаць! Прычым дастаць абавязкова. Ня толькі для віднага месца хатняй бібліятэкі. Гараджаніну ў першым пакаленьні, рускамоўнаму самавуку, амаль цалкам савецкаму чалавеку неабходны быў Караткевіч. Караткевіч на паліцы быў большай прыкметай тваёй яшчэ не забітай да канца беларускасьці, чым беларуская старонка ў савецкім пашпарце.

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Паэт і вэтэран НКВД

Дзе закапанае панскае золата

Сынтэз паганства і хрысьціянства

Асілак на дрэве

Гадаваўся «пры гарэлцы»

Невядомая Надзея

Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору

Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай

Імя па маці

«Быў час, быў век, была эпоха…»

Стары Новы год у Каралішчавічах

Хто закончыў «школу наадварот»

Пад’езд старых кавалераў

Груша над дняпроўскаю стромаю

«Зямля пад белымі крыламі»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG