Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка кітайскага дантыста. Імя па маці


Богінскае возера

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

ІМЯ ПА МАЦІ

Пётра Сергіевіч, Стаўрова, 1900

Пётра Сергіевіч
Пётра Сергіевіч

Пётра Сергіевіч ад першага знаёмства зь ягонымі творамі не зрабіў на мяне ўражаньня афіцыёзнага мастака. Я ведаў, што ён узначальваў Саюз мастакоў Літоўскай ССР, я бачыў ягоны «буржуазны» асабняк на Антокалі ў Вільні, я разумеў, што за ўсё гэта заплачана правільнымі карцінамі — як «У партызанскай кузьні» ці «Гусьляр». Але перад усім гэтым я пазнаёміўся зь Сергіевічам — партрэтыстам, зьбіральнікам беларускіх тыпажоў. Ягоныя графічныя партрэты міжваеннага часу гавораць пра эпоху ня менш за кінахроніку. Аловак майстра схоплівае самае галоўнае — вочы, характар, сацыяльнасьць. Такое адчуваньне, што праз хвіліну зможаш дакладна ўявіць голас чалавека. Ня кажучы пра ягоную мову. Таму, апынуўшыся аднойчы на Браслаўшчыне, я ня мог абмінуць Стаўрова, родную вёску мастака.

Аглядаючы захопленым вокам тутэйшае велічнае Богінскае возера, я зусім ня цешыў сябе на­дзеяй, што знайду ў вёсцы нейкія палотны знакамітага партрэтыста. Але ў першай жа хаце, куды я пагрукаўся, усьмешлівая гаспадыня ў акулярах паказала мне на сьцяну, дзе вісела карціна Сергіевіча.

— Гэта я маленькая са сваёй бабуляй. Да вайны яшчэ. Я з 1937 году, а памятаю, як мяне малявалі. Дадуць яйка, якраз на Пасху.

Рэгіна Віршута з партрэтам
Рэгіна Віршута з партрэтам

Рэгіна Віршута, так клічуць маю суразмоўніцу, паведаміла цікавую акалічнасьць біяграфіі мастака. Аказваецца, ягонае імя па бацьку — Аляксандравіч — насамрэч імя па маці.

— Ён нейкім сватам даво­дзіўся маім бацькам. І яго маці звалася Аляксаша. Аляксандра. У нас тут быў маёнтак Чарніца. Калісьці там жыў нейкі пан. І гэты пан езь­дзіў да гэтай Аляксашы. Ну і зрабіў гэтага Пецьку Сергіевіча. Пасьля шчэ а­дзін сынок нара­дзіўся. І трэцяя дачка была, Гэля. І тады ўжо ня стала яна яго прымаць. Трох нажыла і болей зь ім спраў ня мела. Пан быў жанаты. Езь­дзіў «набок» туды. З Чарніцы ў Плетарова. Сергіевіч нара­дзіўся па-за шлюбам. Непадобна, што гэта былі адносіны пана і бядачкі. Трое дзяцей без каханьня не нараджаюцца. Пагатоў усе атрымалі адукацыю. Няйначай, бацька дапамагаў. А яны ўсе выбіліся. Усе тры былі граматныя. Дачка стала доктарам…

Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году
Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году

Зірніце на рэпрадукцыі карцін, на графічныя партрэты лю­дзей і на сюжэтныя палотны алеем. Параўнайце «Весельчака» і Кастуся Каліноўскага сярод паўстанцаў. Ці «Старавера» і «Гусьляра». Такое адчуваньне, што працавалі два розныя мастакі. Але гэта адна рука. Прычым нельга назваць графіку раньнім пэрыядам. Сур’ёзны Каліноўскі напісаны 36-гадовым чалавекам. А вясёлы «Старавер» 60-гадовым майстрам. І, гле­дзячы на выявы гістарычных постацяў «алеем» і рэальных лю­дзей «алоўкам», адразу бачыш, дзе рукой мастака кіруе сапраўдная жарсьць. Я зусім не зь­дзі­віўся, калі дазнаўся, што Сергіевіч складаў жартаўлівыя прыпеўкі пра сваіх землякоў.

РАСКОШНЫ АСАБНЯК СА ЛЬВАМІ

Рэгіна Віршута
Рэгіна Віршута

— Да нас як прыяжджаў, — згадвае спадарыня Рэгіна, — хо­дзіць па вёсцы, разглядаецца. Як у нас кажуць, веплаваты. Ну няхітры. Ідзе, разглядаецца. Усё яму цікава. Ён жа ж тут пражыўшы, песьні складаў. Мама мая ўсё пяяла. Ён прыхо­дзіў заўжды, як прые­дзе. І мы да яго езь­дзілі. У Вільню. Я помню гэты дом. На Антокалі. Ляжалі такія львы. Жонка была, Стася. Яна чыста па-польску размаўляла. А ён чыста па-беларуску. Кватэра — там тры стэляжы. Карціны ў рамачках. Адна да адной скла­дзеныя. І вось ён дастае карціну і расказвае — гэта жанчыны брусьніцы ў лесе зьбіралі. Іншую дастаў — гэта Фе­дзя-партызан. А ці ёсьць гэты дом, гэтыя львы — невядома.

Дом на Антокалі, раскошны асабняк са львамі, і цяпер стаіць на сваім месцы. Вось толькі гля­дзець на яго абазнанаму чалавеку бяз болю не выпадае. У ідэале там мусіў быць беларускі культурны цэнтар. Пра каштоўнасьць Сергіевічавай спадчыны гаварыць лішне. Але пасьля сьмерці жонкі мастака беларускія чыноўнікі ніяк не парупіліся ні аб выкупе гэтага дому, ні аб лёсе карцін. Частку карцін сястра жонкі Стасі вывезла ў Польшчу, частка пыліцца ў запасьніках Літоўскай нацыянальнай галерэі, частка проста зьнікла. Толькі памятная шыльда нагадвае, чым мог быць гэты будынак для беларусаў Вільні.

Партрэт маленькай Рэгіны і яе бабулі Галены таксама, дарэчы, мог зьнікнуць.

— Вайной усіх спалілі. Тут жа ўсё бамбілі. А ў нас былі фікусы вялікія. А мы ся­дзелі ў акопе. Хата загарэлася. А я малая плакала, што фікусы згараць. А гэтая карціна была стаптаная. Мы прыехалі праз чатыры гады. Нашлі яе. Узялі, мама вымыла. Ён прыехаў пасьля вайны, падкрасіў. Ён яшчэ многа партрэтаў пісаў, але не захаваўшыся. Майго мужыка бацькі быў партрэт.

Насамрэч Сергіевіч быў Пётрам Альфонсавічам. Згадаў імя бацькі стары стаўровец Яўген Драбовіч. Не забыліся і прыпеўкі, скла­дзеныя мастаком.

Яўген Драбовіч
Яўген Драбовіч

— Альфонс. Ён пан такі… Крыху багацейшы за мужыка. А Сергіевіч яшчэ ж і пісьменьнік быў. Меў круглае, гладкае слова. Пісаў частушкі. Па-сёньняшняму кажучы, прыколы. «Ці ня з тога сьвету чорт жыда пад’ю­дзіў залажыць смалярню для стаўроўскіх лю­дзі? Стаўроўскія лю­дзі работы ня маюць, хо­дзяць па лесе, карчы сабіраюць». Пад музыку падыхо­дзіла. Старэйшыя лю­дзі памяталі цэлыя куплеты гэтых прыпевак. На матыў «Абэрак». Танец такі польскі быў… Партрэты пісаў. Ён жа па вёсцы ха­дзіў, маляваў, хто толькі быў. За кавалак мяса, сала. Ён ня быў багаты чалавек. Бацькі ж не было. Матка і цётка. Маленькая хатка была. Безьзямельныя.

СЬВЯТЫМ АНТОНАМ ЗРАБІЎ АНТАНЕВІЧА

Увішная і гаваркая Данута Касач, у дзявоцтве Сергіевіч, сваёй непаўторнай віленскай гаворкай распавяла яшчэ адну гісторыю пра мастака. Аказваецца, у адным з храмаў Горадні — як я зразумеў, у брыгіцкім касьцёле — вернікі моляцца на стаўроўскі абраз.

Данута Касач
Данута Касач

— Ён такі чалавек быў разьвіты — ідзець, штосьці ўбачыць і нарысуець. Штосьці яму не спадабалася, возьмець штосьці скла­дзець пра яго. Тата мой служыў у Горадні. А Сергіевіч маляваў там. У чырвоным касьцёле. Тата мне кажа: «Сха­дзі да краснага касьцёлу». — «А што я там буду рабіць?» — «Сха­дзі пагля­дзі на нашага чалавека стаўроўскага». Сергіевічу сказалі там партрэт намаляваць сьвятога, абраз. А хто ведаець, які той сьвяты быў? А ў нас тут быў такі Антаневіч. Мастак яго і намаляваў. Ён там і цяпер ёсьць. Сьвятым Антонам зрабіў Антаневіча. І лю­дзі на яго моляцца. А хто там знаець, якія сьвятыя былі? Ужо мільён гадоў прайшоўшы. Каго намалявалі, таму і моляцца.

У Стаўрове я заўважыў адну цікавую дэталь. Дровы тут складаюць не ў дварах, а проста на вуліцы, перад хатай. Усе свае. А берагі вялікага возера, якія калісьці служылі для навакольных пляжам, даўно зарасьлі.

— Было сорак дзевак. А цяпер старыя, ніякія. Было возера харошае. Падысьці можна было, пяскі былі. Прыяжджалі і дачнікі, і яўрэі, як былі, прыяжджалі. А цяпер хто тут пае­дзець?

Старая Рэгіна на разьвітаньне прыгадала даўняе прароцтва Пятра Сергіевіча.

— Казаў: «Гэлька, помні. Уся Віленская губэрня зарасьцець лесам». Дык так і ёсьць. Стаўрова было во якое! А цяпер адны кусты. Бачыце, напрарочыў! Дык яно так і стала. Усё пазарастала лесам.

2014, ліпень

P. S. Маладыя, поўныя жыцьця, прыгожыя лю­дзі з партрэтаў Сергіевіча — яны назаўжды засталіся ў сваім часе. Такіх тыпажоў ужо не сустрэнеш. Вёска Стаўрова зьнікне, але застанецца Богінскае возера. З маляўнічым востравам, на якім я апынуўся празь некалькі гадоў у кампаніі сталічных мастакоў, археолягаў і паэтаў. Лю­дзей, якім ня трэба тлумачыць, хто такі Сергіевіч. Бязьлюднае навакольле напоўнілася беларускімі песьнямі і байкамі. Думаю, мастаку было б прыемна далучыцца да гэтай кампаніі.

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Паэт і вэтэран НКВД

Дзе закапанае панскае золата

Сынтэз паганства і хрысьціянства

Асілак на дрэве

Гадаваўся «пры гарэлцы»

Невядомая Надзея

Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору

Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG