Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армянскі тупік Аляксандра Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка падчас звароту да беларускага народу і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

Калі зь цягам часу аматары аналізаваць прамовы Лукашэнкі падлічаць, якое слова найчасьцей гучала ў сёньняшнім пасланьні, то відавочна, што гэтым словам будзе «Армэнія». Традыцыйная «стабільнасьць» фігуравала некалькі разоў, затое словы «рэформы» і «перамены» (хай сабе нават мірныя), падаецца, не прагучалі ні разу.

Штогадовыя пасланьні Аляксандра Лукашэнкі даўно набылі форму традыцыйнага рытуалу — сэнсу і драйву ніякага, але ў распарадку году гэтая падзея стаіць, праігнараваць нельга. Але ніхто даўно ўжо не чакае, што падчас свайго пасланьня Аляксандар Лукашэнка вылучыць нейкія новыя яркія пэрспэктывы для краіны, агучыць ідэі, якія кардынальна памяняюць палітычны кантэкст.

У сёньняшнім пасланьні Лукашэнка ня раз даволі крытычна і часам зьедліва (не заўсёды называючы адрасата) абвінавачваў у абвастрэньні ўсясьветных праблемаў Расею.

Сёньняшні выступ пачаўся з тых самых непазьбежных нараканьняў на навакольны сьвет, з тых самых варыяцыяў на тэму «уголка стабильности» і «хрустального сосуда» ў «этом бушующем мире». Можна, аднак, заўважыць істотную зьмену — калі ў ранейшыя гады асноўную і адзіную віну за нестабільнасьць у сьвеце нёс Захад, то ў сёньняшнім пасланьні Лукашэнка ня раз даволі крытычна і часам зьедліва (не заўсёды называючы адрасата) абвінавачваў у абвастрэньні ўсясьветных праблемаў усходняга суседа Беларусі. «Што вы як пеўні ходзіце там адзін перад адным у Сырыі?» — рэпліка, ня вельмі падобная да таго, што меўся б казаць адданы саюзьнік Расеі.

Ня менш жорстка і крытычна Лукашэнка чапляў палітыку Расеі ў дачыненьні да іншых постсавецкіх краінаў — Грузіі, Малдовы. «Навошта спрабаваць іх задушыць, калі яны малыя?» І асобна дасталася расейскім тэлеканалам, якія прапагандуюць, разьдзьмуваюць вайну ў Сырыі. Дарэчы, ці не рыхтуе тым самым кіраўнік Беларусі насельніцтва сваёй краіны да пэўнага абмежаваньня ўплыву расейскіх тэлеканалаў?

Думаю, калі б гэта было магчыма, дык Лукашэнка ўвогуле ўвесь свой выступ прысьвяціў «цяжкаму міжнароднаму становішчу». Бо на ўнутраным фронце хваліцца проста няма чым. Кіраўнік Беларусі заяўляе, што эканоміка павінна расьці, каб «даганяць разьвітыя краіны». На самой справе, апошнія 6 гадоў Беларусь толькі падала ўніз, яшчэ больш павялічваючы сваё адставаньне. ВУП Беларусі на душу насельніцтва ў 2016 годзе ў далярах (5092) — меншы, чым у 2008 годзе (6367). Сярэдні заробак дагэтуль не дасягнуў узроўню 2010 году, тых самых славутых абяцаных «па пяцьсот». Дарэчы, паказальна, што ў сёньняшнім выступе Лукашэнка ўжо не даваў ніякіх арыентыраў наконт заробку, не называў ніякіх лічбаў.

Таму, бадай, галоўнай навіной пасланьня, пытаньнем, адказу на якое чакала палітычна актыўная публіка, стала тэма імавернага рэфэрэндуму. Прызнаюся, я асабіста і без армянскіх падзеяў быў перакананы, што ніякага рэфэрэндуму Лукашэнка абвяшчаць ня будзе — пакуль ня бачу для гэтага ніякай палітычнай неабходнасьці, лічу гэта тэмай, у якой патэнцыйныя страты і мінусы для ўлады яўна пераважаюць ілюзорныя плюсы. Але калі і былі нейкія намеры памацаць настроі грамадзтва наконт гэтай ідэі, то падзеі ў Армэніі часова паставілі тут тлустую кропку.

Лукашэнка паспрабаваў вывернуцца з сытуацыі, традыцыйна сьпіхнуўшы нават саму ідэю рэфэрэндуму на палітычных праціўнікаў.

І Лукашэнка ва ўласьцівым яму стылі паспрабаваў вывернуцца з сытуацыі, традыцыйна сьпіхнуўшы нават саму ідэю рэфэрэндуму на палітычных праціўнікаў. Аказваецца, гэта апазыцыя патрабуе зьменаў у Канстытуцыі, а ён, Лукашэнка, заклікае «не мяняць Канстытуцыю пад нейкую асобу». «Калі нехта думае, што мы зьменім Канстытуцыю і тым самым створым фундамэнты для нашых майданаў і майданутых, то гэтага ня будзе».

Лёгіка зразумелая. Вы чакаеце рэфэрэндуму, каб выйсьці пратэставаць і патрабаваць скінуць уладу? Не, я ня дам вам такой нагоды для пратэстаў. У гэтым і палягае відавочная прычына адмовы ад рэфэрэндуму (нават калі дапусьціць, што было рэальнае жаданьне яго абвясьціць) — Лукашэнка адчувае падвышаную тэмпэратуру грамадзтва, адчувае, што пакуль «ня час». Ня час і таму, што эфэкт армянскіх падзеяў замацоўвае ў галовах у людзей думку — «глядзіце, што бывае з кіраўнікамі, якія імкнуцца любым шляхам застацца пры ўладзе, мяняць пад сябе Канстытуцыю і законы».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG