Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штрафы і арышты да 15 сутак. Міліцэйскае пасьляслоўе да «маршаў недармаедаў»


Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць дэкрэту аб дармаедах у Маладэчне

Коратка

Сёньня праходзяць суды над затрыманымі ўдзельнікамі «маршаў недармаедаў» і журналістамі ў Воршы і Берасьці. Зь іншых гарадоў прыходзяць весткі пра новыя затрыманьні актывістаў. Свабода сочыць за ўсімі судамі і арыштамі.

08:21 13.3.2017

48 чалавек затрымалі па ўсёй Беларусі за «Маршы недармаедаў». МАПА

Зь пятніцы па нядзелю праходзілі «Маршы недармаедаў» у Маладэчне, Пінску, Берасьці, Бабруйску, Воршы і Рагачове. Напярэдадні і пасьля акцый міліцыя і людзі ў цывільным затрымлівалі палітыкаў, актывістаў і журналістаў. Як найменей 48 чалавек былі затрыманыя ў розных гарадах Беларусі за апошнія тры дні.

Храналёгія і геаграфія затрыманьняў у матэрыяле Свабоды.

08:23 13.3.2017
08:34 13.3.2017

21-га сакавіка Тацяну Севярынец будуць судзіць за ўдзел у віцебскім «Маршы недармаедаў»

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

Тацяна Севярынец атрымала позву ў Кастрычніцкі райсуд Віцебску, дзе сказана, што 21-га сакавіка ў 9.20 судзьдзя Алена Жарыкава будзе разьбіраць адміністрацыйную справу, ініцыяваную супрацоўнікамі міліцыі.

Тацяну Севярынец вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Справа супраць яе была распачатая 26 лютага, калі па сканчэньні віцебскага «Маршу недармаедаў» актывістку затрымалі непадалёк ад яе дому.

08:35 13.3.2017

У Бабруйску затрыманы сацыял-дэмакрат Грынявецкі

У Бабруйску затрыманы актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Юры Грынявецкі. Цяпер яго ўтрымліваюць у пастарунку на вуліцы Менскай. У чым вінавацяць, міліцыянты ня кажуць. Са слоў актывіста, затрыманьне адбылося, калі ён ішоў на працу. Гвалту падчас затрыманьня не было.

Зьняволеньне Юры Грынявецкі зьвязвае з пратэстамі супраць дэкрэту № 3. 12 сакавіка ён удзельнічаў у «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Бабруйску.

08:41 13.3.2017

У Горадні суды над удзельнікамі «Маршу недармаедаў» прызначаныя на 14 сакавіка

Суды адбудуцца напярэдадні заплянаванай на 15 сакавіка чарговай акцыі супраць дэкрэту № 3, якую ўлады забаранілі праводзіць у Горадні.

Паводле сябра БХД Сяргея Верамеенкі, суды ў аўторак прызначаныя 11 удзельнікам, на якіх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Горадні 19 лютага.

«Марш недармаедаў» 19 лютага ў Горадні
«Марш недармаедаў» 19 лютага ў Горадні

08:41 13.3.2017

Паводле падлікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, 12 сакавіка былі затрыманыя 19 журналістаў і блогераў (усяго затрыманых з паўсотні). Пяцёх журналістаў чакае суд: Галіну Абакунчык з Радыё Свабода, Кацярыну Бахвалаву з тэлеканалу «Белсат», Віктара Андрэева з закрытай уладамі газэты «Куцейна», а таксама журналістаў-фрылансэраў Сяргея Пятрухіна і Зьмітра Гарбунова.

08:43 13.3.2017

Карэспандэнтку Свабоды судзяць у Воршы

Карэспандэнтку Свабоды Галіну Абакунчык, паводле папярэдняй інфармацыі, будуць судзіць а 9.30 у судзе Аршанскага раёну, што па вуліцы Савецкай, 5 у Воршы. У чым яна абвінавачваецца ў міліцыі, не паведамляюць. Ноч Галіна правяла ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Воршы.

08:44 13.3.2017

Карэспандэнтку «Белсату» будуць судзіць аб 11-й

Карэспандэнтку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Бахвалаву будуць судзіць аб 11-ай гадзіне. Пра гэта Свабодзе паведаміў яе муж Ігар Ільяш. Кацярыну абвінавачваюць у парушэньні закону аб СМІ і непадпарадкаваньні міліцыі. Працэс адбудзецца ў судзе Аршанскага раёну па вуліцы Савецкай, 5 у Воршы.

08:50 13.3.2017

Паводле зьвестак Вольгі Севярынец, ейнага мужа — сустаршыню БХД Паўла Севярынца — хутчэй за ўсё будуць судзіць у Аршанскім раённым судзе а 9-й раніцы. Севярынец быў затрыманы ўчора пасьля акцыі ў Воршы. Верагодна (але дакладна невядома), яго абвінавацяць у арганізацыі ці ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

08:56 13.3.2017
09:13 13.3.2017

Ля суду Аршанскага раёну ў чаканьні пачатку працэсаў

У Воршу прыехалі сваякі затрыманых, шмат прэсы зь Менску, Віцебску, дрыбінскага актывіста Андрэя Юркава прыехала падтрымаць рэдактарка горацкай газэты «Ўзгорак» Галіна Будная. Прыехалі Тацяна Севярынец, Вольга Севярынец, прыйшлі сваякі затрыманых аршанскіх актывістаў, праваабаронцы зь Віцебску і Менску.

Зьлева - Тацяна Севярынец
Зьлева - Тацяна Севярынец

09:27 13.3.2017

Пакуль суды не пачаліся. У калідорах Аршанскага раённага суду знаходзіцца каля 20 чалавек. Вядома, што працэс над затрыманым учора ранкам Ігарам Грышанавым пачнецца аб 11-ай, але ў чым яго вінавацяць, невядома. Да Паўла Севярынца і Кацярыны Бахвалавай зь Менску прыехаў адвакат Вадзім Мушынскі.

09:32 13.3.2017

Бабруйскую актывістку трымалі ў міліцыі 8 гадзін

Затрыманую 12 сакавіка за гадзіну да пачатку бабруйскага мітынгу Галіну Сьмірнову выпусьцілі ўвечары, выдаўшы позву на 15-га.

Кіраўніцу суполкі прафсаюзу РЭП затрымалі ўчора на выхадзе з дому аб 11-й гадзіне, забралі тэлефон, які потым вярнулі пашкоджаным, і завезьлі ў пастарунак на ўскрайку гораду. Допыт пачалі толькі каля 13-й гадзіны, вёў яго падпалкоўнік Сяргей Рудзько, які асабіста займаецца актывістамі дэмакратычных сілаў. У якасьці абаронцы інтарэсаў Галіны выступаў ейны муж.

09:46 13.3.2017

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім піша ў Фэйсбуку:

«Самае абуральнае, што адбылося ў апошнія суткі, гэта затрыманьне журналістаў. Я лічу, што гэта недапушчальна. Усе журналісты, хто выконваў свой прафэсійны абавязак, быў з камэрай, імкнуўся данесьці сапраўдную інфармацыю пра тое, што хвалюе людзей, павінны быць неадкладна вызваленыя. Перад імі трэба выбачыцца, а тыя, хто вінаватыя ў іх затрыманьні, абавязаныя панесьці адпаведнае пакараньне. Бо затрымліваць і перасьледаваць людзей за выкананьне прафэсійных абавязкаў — значыць зьдзяйсьняць службовае злачынства».

Алена Анісім
Алена Анісім

09:47 13.3.2017

09:53 13.3.2017

Карэспандэнтка TUT.BY Алена Андрэева вядзе онлайн-трансьляцыю

10:10 13.3.2017

Пачаліся суды ў Берасьці

У Берасьці пачаўся суд над затрыманымі напярэдадні Андрэем Дзянюшкіным, Русланам Халікавым, Дзьмітрыем Ляўчуком, Уладзімерам Асінчанкам і Кастусём Копацем, а таксама блогерамі Дзьмітрыем Гарбуновым і Сяргеем Пятрухіным, паведамляе БелаПАН.

10:20 13.3.2017

У Бабруйску затрымалі зьбіральніцу подпісаў за адмену дэкрэту № 3

Інгу Судзілоўскую міліцыя затрымала ў Бабруйску на вуліцы. Яна ўдзельнічала ва ўчорашнім мітынгу «недармаедаў», актывістка апазыцыі, якая зьбірала подпісы за скасаваньне дэкрэту № 3.

10:22 13.3.2017

Справы арыштаваных журналістак і ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Аршанскім судзе будзе разглядаць судзьдзя Іна Кохава.

Загрузіць яшчэ

Глядзець камэнтары (9)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG