Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штрафы і арышты да 15 сутак. Міліцэйскае пасьляслоўе да «маршаў недармаедаў»


Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць дэкрэту аб дармаедах у Маладэчне

Коратка

Сёньня праходзяць суды над затрыманымі ўдзельнікамі «маршаў недармаедаў» і журналістамі ў Воршы і Берасьці. Зь іншых гарадоў прыходзяць весткі пра новыя затрыманьні актывістаў. Свабода сочыць за ўсімі судамі і арыштамі.

14:03 14.3.2017

Сьпіс затрыманых: больш за 100 чалавек

Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў сьпіс затрыманых і асуджаных у сувязі з акцыямі пратэсту апошніх дзён. На момант публікацыі ў сьпісе 101 чалавек, сьпіс абяцаюць абнаўляць, калі становяцца дакладна вядомымі новыя факты затрыманьняў і судоў.

Некаторыя ў сьпісе ўжо атрымалі штрафы, некаторыя — адміністрацыйныя арышты, астатнія затрыманыя да судоў або атрымалі позву на суд. У сьпісе людзі зь Менску, Бабруйску, Баранавічаў, Берасьця, Воршы, Гомелю, Горадні, Лунінца, Магілёва ды іншых гарадоў.

Праглядзець сьпіс >>

19:30 13.3.2017

У Бабруйску Аляксея Раманава адпусьцілі да хаты да працягу суду 14 сакавіка. Інкрымінуюць дробнае хуліганства, але міліцыянты блытаюцца ў паказаньнях, таму судзьдзя не змагла вынесьці прысуд і адклала да заўтра. Юрась Грынявецкі і Максім Буйніцкі правядуць ноч у ізалятары. Грынявецкі, якога трымалі дзень і будуць трымаць ноч, жыве адзін зь непаўналетнім дзіцем. Буйніцкаму інкрымінуюць арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Інга Судзілоўская і Галіна Сьмірнова дагэтуль застаюцца недзе на допытах.

19:18 13.3.2017

«Зараз асаблівы ціск будзе скіраваны на журналістаў»: суды над актывістамі і блогерамі ў Берасьці

У Ленінскім судзе Берасьця 13 сакавіка адбылося 8 працэсаў над удзельнікамі масавых акцыяў. Найбольшы прысуд сёньня — 15 сутак арышту, некаторыя справы перанесьлі на іншыя дні.

18:52 13.3.2017

У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля 13 сакавіка былі асуджаныя Віктар Рубцоў і Максім Філіповіч. Іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту супраць дэкрэта № 3, які адбыўся ў Гомелі 19 лютага.

Віктар Рубцоў атрымаў 14 сутак арышту.

Максім Філіповіч — 13 сутак. Яго самога на судзе не было. Сувязі зь ім няма. 11 сакавіка падчас акцыі пратэсту ў Пінску Максіма Філіповіча спрабавалі затрымаць людзі ў цывільным.

33-гадовы блогер з Гомеля Максім Філіповіч стаў вядомы пасьля актыўнага асуджэньня «дармаедзкага» дэкрэту № 3, ахвярай якога стаў ён сам.

18:18 13.3.2017

Паўла Севярынца пакаралі 15 суткамі арышту.

17:55 13.3.2017
Павал Севярынец з жонкай Вольгай трымаюцца за рукі за сьпінай міліцыянта ў аршанскім судзе
Павал Севярынец з жонкай Вольгай трымаюцца за рукі за сьпінай міліцыянта ў аршанскім судзе

16:42 13.3.2017

Паўла Севярынца пачынаюць судзіць у Воршы — яго завялі ў залю суду, міліцыя спачатку без тлумачэньняў не пускала ў залю журналістаў, маці і жонку абвінавачанага, ягонага адваката. Празь некалькі хвілін усіх прапусьцілі, нічога не растлумачыўшы. Міліцыя таксама не дазваляла перадаць Севярынуц ваду, пакуль адвакат не заявіў гучны пратэст.

Павал Севярынец
Павал Севярынец

16:31 13.3.2017

Васьковіча, якога міліцыя змагла «правільна» забраць толькі з трэцяга разу, затрымалі да наступнага дня, адабралі тэлефон. Цяпер яго вязуць у ізалятар. Пра гэта ён пасьпеў распавесьці жонцы.

16:30 13.3.2017

Асуджаны актывіст з Дрыбіна Андрэй Юркоў

2-е сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі даў судзьдзя Мікалай Драгуноў.

16:27 13.3.2017

Журналістцы Бахвалавай — штраф 690 рублёў

Сумарны штраф склаў 690 рублёў — 5 базавых велічыняў за «непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню» і 25 базавых — за парушэньне заканадаўства аб СМІ. Яна зьбіраецца абскарджваць прысуд.​

Кацярына Бахвалава
Кацярына Бахвалава

16:25 13.3.2017

Журналістку «Белсату» Кацярыну Бахвалаву аштрафавалі на 690 рублёў

Кацярына Бахвалава
Кацярына Бахвалава

«Гэта кошт свабоднай журналістыкі ў Беларусі», — заявіла Кацярына і падзякавала за салідарнасьць.

16:09 13.3.2017

У Аршанскім раённым судзе ў час разгляду справы журналітскі Кацярыны Бахвалавай падсуднай стала кепска, яе вывялі з залі суду. У час працэсу яна прасіла вады, тлумачыла, што не магла есьці ў ізалятары праз санітарныя ўмовы.

Празь некалькі хвілін Бахвалаву вярнулі ў залю суду, працэс працягнулі.

Бахвалаву вінавацяць у непадпарадкаваньні законным дзеяньням міліцыі.

15:33 13.3.2017

Суд над берасьцейцам Уладзімерам Асінчанкам перанесены на 10 гадзін раніцы 17 сакавіка, бо сёньня ня было сьведкаў-міліцыянтаў па яго справе. Уладзімер Асінчанка быў затрыманы 10 сакавіка і да сёньня знаходзіўся ў пастарунку. Цяпер ён адпушчаны да суду. Яго вінавацяць у расклейцы ўлётак з заклікам на масавую акцыю.

15:16 13.3.2017

Затрыманаму ў ноч на 11 сакавіка ў Бабруйску Максіму Лубінскаму прысудзілі 5 сутак адміністрацыйнага арышту, Вользе Аўдзейчык — штраф у 2 базавыя велічыні.

Таксама міліцыя выклікала затрыманую 12 сакавіка кіраўніцу аддзяленьня прафсаюза РЭП і актывістку АГП Галіну Сьмірнову на складаньне новага пратаколу, хоць раней ёй далі позву ў суд 15 сакавіка.

Тым часам бабруйская міліцыя дапытвае затрыманых Максіма Буйніцкага, Яўгена Глаголева-Васьковіча, Інгу Судзілоўскую.

15:01 13.3.2017

Кацярыну Бахвалаву судзяць за непадпарадкаваньне міліцыі і парушэньне закону аб СМІ. Кацярына плача ў судовай залі. Яе супакойвае муж Ігар Ільяш.

Кацярына сказала ў судзе, што галадала, адмаўлялася ад турэмнай ежы.

14:40 13.3.2017

Аднаго зь лідэраў БХД Паўла Севярынца ў Аршанскім судзе пачнуць судзіць а 15-й гадзіне. Судзьдзя Т.А. Рыбакова.

14:39 13.3.2017

Судзяць карэспандэнтку «Белсату»

Журналістку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Бахвалаву ў судовую залю прывялі 4 міліцыянты.

Міліцыянты не дазволілі перадаць вады Кацярыне Бахвалавай і не пускалі ў судовую залю яе мужа.

14:30 13.3.2017

Студэнт зь Берасьця Канстанцін Копаць атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыяванай акцыі.

14:12 13.3.2017

Берасьцейскі каардынатар кампаніі «Гавары праўду» Даніл Палянскі атрымаў 230 рублёў (10 базавых велічыняў) штрафу за ўдзел у другім «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Берасьці 26 лютага.

Загрузіць яшчэ

Глядзець камэнтары (9)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG