Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не падманвайцеся


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Прачытала тэкст галоўнага рэдактара «Народнай волі» Ёсіфа Сярэдзіча пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, і падумалася мне, як жа яму шанцуе!

Лукашэнку, вядома ж, каму яшчэ.

Пашанцавала яму і з тэкстам Алеся Кіркевіча пра тое, ці трэба ваяваць за Лукашэнку. І з той дыскусіяй, што выйшла пасьля тэксту. Неблагі такі ўступ перад сустрэчай атрымаўся, артпадрыхтоўка. Ну як згаварыліся, праўда! Усе нібыта на парозе трагічных падзеяў стаяць.

Нешта ўсе пад шумок магчымай вайны пайшлі ручкацца да таго, хто нас на парог гэтай самай вайны і паставіў.

Не, вы не падумайце, тэкст Алеся — добры. І пасыл, як па мне — слушны. Але нешта ўсе пад шумок магчымай вайны пайшлі ручкацца да таго, хто нас на парог гэтай самай вайны і паставіў. Бо менавіта праз пасьлядоўныя дзеяньні Лукашэнкі мы як краіна атрымалі страшны дыягназ: нацыянальная амнэзія.

І гэтая самая амнэзія «у выпадку чаго» акурат будзе ўстаўляць палкі ў колы салідарызацыі беларусаў вакол нацыянальнай ідэі. Бо колькі ні пішы на білбордах «незалежнасьць», ейная каштоўнасьць у галовах шараговых беларусаў сама сабой не павялічыцца. Атрымліваецца, «незалежнасьць» — гэта бутафорскі парад на 9 траўня і «сацыяльны пакет» у гаманцы, заслуга выключна сёньняшняга кіраўніцтва. А калі сацпакет зьнікне, а на парады скончацца грошы, значыць і незалежнасьці канец?

Улады зацікаўленыя ў тым, за што грамадзкія актывісты яшчэ нядаўна трэсьліся ў аўтазаках ды сядзелі па ізалятарах.

Але давайце глядзець шырэй. Склалася так, што сёньняшнія ўлады зацікаўленыя ў тым, за што грамадзкія актывісты яшчэ нядаўна трэсьліся ў аўтазаках ды сядзелі па ізалятарах. Гэта аб’ектыўная выгада для прэзыдэнта і яго каманды. Бо вышыванка сама па сабе нішто без актыўнай і жыцьцяздольнай грамадзянскай супольнасьці, якую ўлада пасьлядоўна зьнішчала і заганяла «пад нары». І тое, што зараз Лукашэнка яе надзене і загаворыць па-беларуску, не дапаможа за дзень ці месяц адбудаваць зруйнаванае цягам дваццаці апошніх гадоў.

Вы кажаце пра нацыянальнае прымірэньне, пане Сярэдзіч, пра дыялёг. Гэта ваша права. Ваша жаданьне. Магчыма, гэта жаданьне многіх, каб вось так проста, валявым учынкам аднаго чалавека ўся гэтая калатнеча спынілася, і мы пачалі ўрэшце адбудоўваць сваю дзяржаву і жыць нармальным жыцьцём.

Але, пане Сярэдзіч, пра гэта можна было б разважаць, каб чалавек, які руйнаваў нашу з вамі кволую, «неадрэфлексаваную», як сказала б Алексіевіч, Беларусь, выйшаў да нас і сказаў: «Я памыляўся. Я выбраў ня той курс», а не выстаўляў на сьмех таго ж Раманчука падчас прэс-канфэрэнцыі, дэманструючы, якую ролю рыхтуе ўчорашнім ці сёньняшнім іншадумцам.

Мы павінны быць пільнымі, каб у гэты нявызначаны час не выкарыстоўвалі нас.

Магчыма, Лукашэнка непазьбежна ідзе да мяккага нацыяналізму, але не таму што яму так хочацца, не ад вялікага патрыятызму — ад вялікай патрэбы. З аднаго боку, мы павінны выкарыстоўваць гэта на карысьць краіны. А зь іншага, мы павінны быць пільнымі, каб у гэты нявызначаны час не выкарыстоўвалі нас: «Вялікая размова з прэзыдэнтам», тролінг Раманчука, сустрэча з Сярэдзічам...

Як піша Алесь Кіркевіч, калі вайна, тады трэба ісьці і ваяваць — калі спатрэбіцца, дык і на адным баку з Лукашэнкам. Але калі яе няма, трэба быць асьцярожным і не прыкрываць чужую «пятую кропку» сардэчнымі абдымкамі, думаючы, што ратуеш краіну.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (10)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG