Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гартаючы Лукашэнкаў альбом


У сваёй бібліятэцы я маю кнігу, якую ў свой час выдалі накладам 100 000 асобнікаў, але потым спынілі яе распаўсюд.

Гэта альбом «Аляксандар Лукашэнка — Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь», выдадзены ў 1997 годзе, які «утрымлівае матэрыялы пра асобу А.Г. Лукашэнкі і ягоную дзейнасьць за тры гады ад часу абраньня на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

У свой час мне падараваў гэты альбом адзін мой знаёмы, які меў доступ ва ўладныя калідоры. Ён далікатна патлумачыў, што ў альбоме ёсьць фотаздымкі, якія на момант падрыхтоўкі альбому яшчэ былі прымальнымі, але пасьля публікацыі сталі непажаданымі. Таму гэтае выданьне ня сталі распаўсюджваць, і толькі абмежаванае кола асобаў пасьпела атрымаць кнігу.

Сымбалічна, што першае фота ў альбоме — падпісаньне Канстытуцыі Беларусі, зьмененай праз рэфэрэндум 1996 году, у выніку якога Аляксандар Лукашэнка атрымаў неабмежаваную ўладу. Рэфэрэндум, не прызнаны міжнароднай супольнасьцю, надзяліў яго ня толькі выканаўчай уладай, якую ён меў паводле Канстытуцыі 1994 году, але і заканадаўчай.



Наступны здымак, праўдападобна, адзін з тых, непажаданых. Гэта паседжаньне Вышэйшага Савету СНД, на якім побач з Аляксандрам Лукашэнкам сядзіць Міхаіл Чыгір, тагачасны кіраўнік беларускага ўраду, які пайшоў у адстаўку на ўласнае жаданьне на знак пратэсту супраць правядзеньня таго самага рэфэрэндуму 1996 году аб зьмене Канстытуцыі.



А вось трэці фотаздымак — з катэгорыі рэдкіх. Аляксандар Лукашэнка з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам і першай лэдзі Гілары Клінтан. Здымак зроблены падчас азнаямленчага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў ЗША ў 1995 годзе.



Калі меркаваць, што парадак фотаздымкаў у выданьні ў некаторай ступені можа адлюстроўваць прыярытэтнасьць, то заўважым, што фотаздымак з Барысам Ельцыным, прэзыдэнтам Расеі, найбліжэйшым партнэрам Беларусі — толькі нумар пяць.

Фота зь Ельцыным пасьля падпісаньня дамовы аб Супольнасьці Беларусі і Расеі 2 красавіка 1996 году.
Фота зь Ельцыным пасьля падпісаньня дамовы аб Супольнасьці Беларусі і Расеі 2 красавіка 1996 году.



У першыя тры гады прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнку яшчэ не называлі «апошнім дыктатарам у Эўропе», супраць Беларусі і яго вышэйшага кіраўніцтва не былі ўведзеныя санкцыі з боку ЗША і ЭЗ, кантакты першага прэзыдэнта Беларусі зь лідэрамі заходніх краінаў яшчэ не былі абмежаваныя, як і ўдзел кіраўніка краіны ў прадстаўнічых міжнародных сустрэчах. Што засьведчылі здымкі з саміту АБСЭ у Лісабоне ў 1996 годзе, з выступу Аляксандра Лукашэнкі на юбілейнай сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН ў 1995 годзе, ягонай сустрэчы з старшынём Эўрапейскай камісіі Жакам Сантэрам у Брусэлі ў 1995 годзе, на міжнароднай канфэрэнцыі ў Вільні ў 1997 годзе.

.



Падчас афіцыйнага візыту ў Францыю з прэзыдэнтам Жакам Шыракам у 1996 годзе.


З прэзыдэнтам Літвы Альгірдасам Бразаўскасам у сьнежні 1996 году і з прэзыдэнтам Польшчы Аляксандрам Квасьнеўскім падчас перамоваў у Віскулях у сакавіку 1996 годзе.


Фотаздымкі сустрэчаў з «заходнікамі» суседнічаць з фотасправаздачамі кантактаў з усходнімі партнэрамі — прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным, прэмʼерам Расеі Віктарам Чарнамырдзіным, мэрам Масквы Юрыем Лужковым, кіраўнікамі Кітаю і Віетнаму.

І нарэшце, здымак, з прычыны якога гэты альбом, праўдападобна, не атрымаў шырокага распаўсюду.


На фота падпісаньня дамовы аб інтэграцыйных сувязях паміж Беларусьсю Казахстанам і Кыргызстанам за сьпіной Аляксандра Лукашэнкі стаяць ня толькі раней згаданы прэмʼер Міхаіл Чыгір, адзіны прэмʼер Беларусі, які пакінуў сваю пасаду на знак пратэсту, але і тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі. 21 ліпеня 1999 дэпутаты ВС 13-га скліканьня, прыхільнікі Канстытуцыі 1994 году, прызначылі Шарэцкага выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Беларусі. З канца ліпеня 1999 году Сямён Шарэцкі жыў у Вільні, лічыўся легітымным кіраўніком Беларусі, пазьней эміграваў у ЗША.

18 старонак займаюць фотаздымкі, якія зафіксавалі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з лідэрамі розных краінаў ці ягоны ўдзел у міжнародных самітах. І яшчэ 18 фотастаронак прысьвечаныя дзейнасьці першага прэзыдэнта ў самой Беларусі. І тут падборка досыць традыцыйная — Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку, на Усебеларускім сходзе, на будоўлі, у шпіталі, у царкве, у дзіцячым доме, на парадзе, падчас сьвяткаваньня Дня Перамогі, на лыжным кросе, і, вядома ж, зь дзіцём на руках.


З выхаду таго альбому мінула амаль дваццаць гадоў. Многае зьмянілася ня толькі ў атачэньні першага прэзыдэнта. У мінулым засталіся ня толькі нязгодныя кіраўнікі ўраду і парлямэнту, але і сустрэчы з заходнімі лідэрамі на роўных.

На сайце прэзыдэнта Беларусі ў фотаразьдзеле можна паглядзець архіўныя фота, пачынаючы ад 2002 году. Падборка здымкаў сустрэчаў з кіраўнікамі краінаў і міжнародных арганізацый істотна адрозьніваецца ад выданьня 1997 году — Чавэс, Асад, Кадафі, Пуцін, Мядзьведзеў, Назарбаеў, Рахмон, Аліеў, Качаран, Саргсян, Карымаў, Акаеў, Бакіеў, Бердымухамэдаў, Кучма, Юшчанка, Януковіч, Парашэнка, з краінаў ЭЗ за ўсе гэтыя гады — Бэрлюсконі і Грыбаўскайце.

Гартаючы альбом 1997 году, я думала пра ўпушчаныя і нерэалізаваныя магчымасьці, пра візыты сусьветных лідэраў, якія маглі адбыцца і пра зьмены, якія не адбыліся.

Я параўноўвала гэтае выданьне зь іншымі прэзыдэнцкімі альбомамі, якія мне падаравалі былыя прэзыдэнты Латвіі, Эстоніі і Ўкраіны — Гунтыс Улманіс, Арнольд Руйтэль і Віктар Юшчанка, калі я рабіла зь імі інтэрвію для праекту «Расея і я». Супадалі яны бадай толькі ў адным — у кожным альбоме было фарматнае фота прэзыдэнтам з дзіцём на руках. Усё іншае — сустрэчы, візыты, паплечнікі, сыход і лёс — было іншым.

Нядаўна даведалася, што супраць майго знаёмага, які падарыў мне альбом пра Аляксандра Лукашэнку, заведзеная крымінальная справа. Напэўна, не дапамог доступ па ўладныя калідоры, магчыма, што і згадку пра ягоную справу калісьці схаваюць, як прыбралі кнігу з фотаздымкамі «нязгодных» Чыгіра і Шарэцкага...

Глядзець камэнтары (6)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG