Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом, дзе Багдановіч убачыў Беларусь


Зміцер Бартосік

Неяк пісьменьніца Тацяна Талстая абазвала незалежнасьць краін, што знаходзіліся ў СССР, шляхам у ліліпуцію. Я нарэшце зразумеў, пра што яна. Якія беларусы дробныя людзі, асабліва востра разумееш у Расеі.

Вы толькі прыслухайцеся, пра што балбочуць жыхары Менску ці Глыбокага. У чэргах, у цягніках, у кавярнях. Альбо залатыя зубы трэба памяняць на кераміку. Альбо дачцэ-студэнтцы знайсьці таньнейшую кватэру ў сталіцы. Альбо раздабыць гадавую візу стрыечнай пляменьніцы. Карацей, што ні праблема, то нейкая бздура. Маленькія праблемы маленькіх людзей маленькай краіны.

Іншая справа — у Расеі. Дастаткова прыехаць на пару дзён да сваякоў у Ніжні, каб зьдзівіцца, наколькі маштабныя людзі насяляюць Расею. Пэнсіянэркі ваююць з Абамам, маладыя айцішнікі рухаюць франты на Блізкім Усходзе, алкашы ў піўной даюць «п…дзюлей хахлам». Расейскі чалавек ня можа ў сваіх вачах быць невялікім. Нават ад абасцанага бомжа, што прылёг адпачыць каля Канавінскага рынку, вее веліччу. Уся ягоная іставая пастава, запракінутая барада мовяць мінакам — цішэй! Рускі чалавек сьпіць!

У 93-м да мяне ў Беларусь зь Ніжняга прыехаў братан Вовачка. Каб разам са мной праехацца па нябачанай дагэтуль, мною таксама, краіне. Мы празь Мір, Нясьвіж, Слонім і Горадню цягнікамі ды аўтобусамі даехалі да Вільні. І ўсю дарогу не пераставалі зьдзіўляцца эўрапейскасьці краявіда. Яшчэ неадрэстаўраваны бязьлюдны мірскі замак сваімі чорнымі расколінамі ў вежах быў здольны хваляваць. Яшчэ над Слонімам не луналі вычварныя цыбуліны. На нясьвіжскім рынку братан пачуў і да ягонага дзіва не зразумеў (!) беларускую мову. «Гуркі смачныя! Мо цэлы слоік вазьміцё?» — спыталася ў нас цётка. А перад грамадай гарадзенскай фары мой зьнішчаны братан стаяў і прысьвістваў. «Ніх…ясе! Во, гдеевропта!» Дахаты Вовачка зьехаў з гіпсавай «Пагоняй», зь бел-чырвона-белым сьцяжком і касэтай надта ўпадабанай «Крамы».

З тае пары я вельмі спакойна ставіўся да «пагрозы з Усходу». Бо ў мяне была свая лякмусавая паперка. У Ніжнім жыве братан, сьлесар дэпо «Горький-Московский», які слухае «Краму», глядзіць на «Пагоню» і ведае, дзе «европта».

Мы ня бачыліся дваццаць гадоў. Што я чакаў пачуць пры сустрэчы? Пытаньні пра дзяцей. Пра работу. Як там у нас? Але першае, што пачуў — «А нету никакой Белоруссии! Выдумки всё!». Прычым сказана гэта было з «крайним восторгом». Як быццам братан доўга рыхтаваў дарагі сюрпрыз. І вось праз дваццаць гадоў нарэшце падзяліўся.

Я дастаў з кішэні пашпарт. Маўляў, на, глядзі, як павінен выглядаць пашпарт нармальнай краіны. Ня ўнутраны, не замежны, не падпольны. А звычайны беларускі пашпарт. Затым я дастаў з гаманца нашы новыя грошы. «Ведаеш, колькі каштуе адзін ваш рубель? Тры нашы капейкі». Пасьля паўзы дадаў: «У базарны дзень». Пасьля я гукнуў малодшую дачку. «Ты хто?» «Юця». «А па нацыянальнасьці?» «Беларуска». «А што б ты адказала, калі нехта скажа, што няма ніякай Беларусі?» «Не знаю... Дурак какой-та». Пашпарт можна адабраць. Грошы можна спаліць. А што рабіць зь Юцяй?

Калі шчыра, я быў агаломшаны братэрскай сустрэчай. Як удар пад дых атрымаў. Задушэўнай размовы не атрымалася. Сьлесарам, дарэчы, былы машыніст Вовачка працуе вымушана. У 89-м яго страшэнна, да страсеньня мазгоў зьбілі ў Сормаве, куды ён праводзіў барышню. Зьбілі, вядома, не хахлы з амэрыканцамі. А мілыя рускія людзі. Веліка Расія, а каб знайсьці сьмертушку, хадзіць недалечко.

На наступны дзень я пайшоў на былую Канатную вуліцу. Сёньняшнюю Караленкі. Дзе жыла сям'я Адама Багдановіча.

Нямецкія захопнікі не дайшлі да Ніжняга. І таму драўляны цэнтар застаўся стаяць некранутым. Дакладней, кранае яго толькі час. У самым цэнтры мэгаполіса, за два крокі ад станцыі мэтро «Горьковская» захаваўся аграмадны драўляны масіў былых купецкіх, некалі шыкоўных, асабнякоў. З мэзанінамі і бальконамі. Мяркуючы па надпісах на сьценах дамоў, тут людзям не да Абамы.

Сьцены за прамінулы час «паплылі» па рацэ часу. Разам з аконнымі рамамі. Не плыве толькі шкло ў скрыўленых рамах. Асабліва пікантна глядзіцца рэкляма студыі інтэр'ернага дызайну. На такім экстэр'еры.

Балькон дому, дзе некалі жыла сям'я Максіма Горкага, падпёрты зьнізу драўлянымі палямі. Я б не рызыкнуў выйсьці на такі гаўбец.

Дом, дзе жыў Караленка, а пасьля яго Багдановічы, выглядае ледзь ня самым дагледжаным.

Менавіта ў гэтым доме Максім пачаў вучыць беларускую мову. Менавіта сюды ён выпісваў «Нашу Ніву». І менавіта тут ён атрымаў нумар са сваімі вершамі, якія ўпершыню пабачыў надрукаванымі. Каля гэтага дому міжволі адчуваеш ягоную радасьць і хваляваньне.

Ад тых часоў прамінула нейкія сто гадоў. Беларусь, як ні круці, за мяжой. І яна ёсьць. Але каля Максімавага дому ня стала спакайней. І не таму, што раён гарадзкія ўлады прысудзілі да зносу. Сын Вовачкі, якога я некалі гушкаў на руках, глядзіць на мяне нядобрым позіркам. Як на здрадніка. А што будзе рабіць унук і праўнук? Той, які бязьлітасна зруйнуе старыя дамы. Ці не захочацца яму на танку давесьці нам, што «нету никакой Белоруссии»?

Зрэшты, у той дзень, калі ў гэты дом прыйшоў паштальён, які прынёс «Нашу Ніву» з упершыню надрукаванымі вершамі Максіма Багдановіча, Беларусь выглядала для паэтавых сваякоў і сяброў-гімназістаў не краінай, ня нацыяй, не культурай. А, у лепшым выпадку, хлапечым захапленьнем. Бздурай дзіцячай.

Я прыклаў руку да цёплай сьцяны старога дому. Сто гадоў не прайшлі ўпустую.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG