Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падманутыя мужчыны ў сьвеце жанчынаў


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

На старонцы аднаго беларускага палітыка ў фэйсбуку неяк разгарэлася дыскусія пра падзел адпачынку па даглядзе за дзіцём паміж мамай і татам. Маўляў, чаму б гэты час (год, два, тры) не падзяліць на дзьве абавязковыя часткі для абаіх бацькоў. Калі абое скарысталіся — добра. Скарыстаўся толькі адзін з бацькоў — другая палова аплачанага адпачынку згарэла.

Асабіста я — прыхільніца гэтай ідэі. Чаму? Бо ў нашым грамадзтве прынята лічыць, што дзеці — гэта абавязак жанчынаў ці «жаночая сфэра дзейнасьці».

І размова ня толькі пра тое, што робіцца ў кватэрах беларусаў. Напрыклад, ідзяце вы ў дзіцячую паліклініку — жаночы калектыў. Потым у садок — адны жанчыны. Далей ў розныя гурткі і сэкцыі — пераважна жанчыны. Дабіраецеся да школы, а там адно фізрук ды ваенрук (добра, калі цьвярозыя) на ўвесь жаночы батальён!

Усё нашае грамадзтва выхавана выключна жанчынамі.

Атрымліваецца, што ўсё нашае грамадзтва выхавана выключна жанчынамі. А як хлопчыку ці дзяўчынцы сфармаваць правільныя паводзіны ды ўяўленьні пра мужчыну, калі і дома іх бачаць ня часта? Ці калі дома таты толькі адпачываюць ад цяжкай працы, сярод вірлівага кругазвароту жанчынаў...

Скажыце, дзе падлетак сустракаецца з роляю мужчыны? У ваенкамаце, вядома. І што ён там бачыць? Хамства ды крыкі, кшталту: «Не распускай соплі!», «мамчыны сынкі» і г. д. Якое ўражаньне складзецца ў падлетка аб ролі мужчынаў? Моцныя, але хамаватыя, не эмацыйныя, няздольныя любіць.

Не, роля мужчыны мае быць іншая.

Мужчына нясе асноўную адказнасьць за выхаваньне дзіцяці, за атмасфэру, за пераемнасьць каштоўнасьцяў, за сямейныя традыцыі.

Калі вернемся да сям’і, то менавіта мужчына нясе асноўную адказнасьць за выхаваньне дзіцяці, за атмасфэру, за пераемнасьць каштоўнасьцяў, за сямейныя традыцыі. Гэта ня дзядзя, які прыходзіць з працы на пару гадзінаў перад сном, і праз «падай пульт» камунікуе з дзецьмі. Мужчына ня проста актыўна бярэ ўдзел у жыцьці сям’і — ён адказны за яе стратэгічнае бачаньне. Жанчыны ж найчасьцей адказваюць за тактычныя пытаньні.

Перад тым, як напісаць гэты тэкст я вырашыла пачытаць артыкулы пра стасункі паміж мужчынамі і дзецьмі. Але ўбачыўшы першыя прапанаваныя гуглам спасылкі я жахнулася: «Ці патрэбныя мужчынам дзеці?», «Адносіны: першыя дзеці і другія жонкі», «Чаму мужчыны не размаўляюць зь дзецьмі пасьля разводу?»...

Здаецца, мужчынаў нехта некалі падмануў. Хтосьці скраў ад іх дзяцей, сказаўшы, што гэта ня сфэра іх адказнасьці, што выхаваньне ня іхны абавязак.

Ад стварэньня сьвету Госпад даў мужчыне адказнасьць за выхаваньне дзяцей.

«Дык так было заўсёды, — скажа нехта, — Ад стварэньня сьвету, калі жанчыны займаліся дзецьмі, а мужчыны з палкай бегалі за мамантамі!». Ня ведаю, як там было з мамантамі, але ад стварэньня сьвету Госпад даў мужчыне адказнасьць за выхаваньне дзяцей. Калі узяць Кнігу Выслоўяў Саламонавых у Старым Запавеце, дык гэта суцэльны бацькаў інструктаж да сына, як да будучага мужчыны і бацькі.

Слухайце, дзеці, настаўленьня бацькавага, і зважайце, каб навучыцца розуму. (4:1)

Неразумны пагарджае настаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме. (15:5)

Мудры сын радуе бацьку (15:20)

Вось вам «Бацькі і дзеці», але не тургенеўскія, а біблійныя. Атрымліваецца, што бацька не адно за мамантам бегаў, але і дзетак выхоўваў. Вось яшчэ адна цытата ў тэму адтуль жа:

Неразумны сын — пагібель бацьку ягонаму. (19:13) — акурат пра узаемны ланцужок адказнасьці.

Калі сумесны дэкрэтны адпачынак дапаможа татам зноў пасябраваць з дзецьмі — гэта някепская нагода.

Госпад стварыў акурат такую сям’ю, дзе тата настаўляе, выхоўвае, закладае падмурак. І калі сумесны дэкрэтны адпачынак дапаможа татам зноў пасябраваць з дзецьмі — гэта някепская нагода. І тады мужчыны, магчыма, ня будуць баяцца быць прысутнымі ў дзіцячым сьвеце, «мудрых сыноў» паболее, а там, глядзі, і ў грамадзтве лёд зрушыцца.

І гугл, нарэшце, напоўніцца артыкуламі, кшталту: «Тата і сын — шлях разуменьня», «Тата як найлепшы сябар для сваёй дачкі», «Тата — шлях настаўніка», «Найлепшыя мужы — любячыя таты».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (10)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG