Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка: Кніга Бартосіка — канцэнтрат беларускага космасу


Грамадзкі дзяяч і мовазнаўца Вінцук Вячорка

8 сьнежня ў менскім Прэс-клюбе адбудзецца прэзэнтацыя кнігі знанага барда, літаратара і журналіста Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы», якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода.

Кніга вырасла з адной з самых любімых радыёслухачамі перадачаў — «Падарожжы Свабоды». Аўтар сабраў разам гісторыі, пра якія сьведкі адважыліся расказаць толькі напрыканцы жыцьця і якія мяняюць звыклае ўяўленьне пра тое, што рабілася ў Беларусі ў ХХ стагодзьдзі.

Зьміцер Бартосік падчас прэзэнтацыі кнігі “Быў у пана верабейка гаварушчы” ў Берасьці. 4 сьнежня 2016 году
Зьміцер Бартосік падчас прэзэнтацыі кнігі “Быў у пана верабейка гаварушчы” ў Берасьці. 4 сьнежня 2016 году

На прэзэнтацыю завітаюць дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, рэдактар кнігі Сяргей Дубавец. На вечарыне прагучаць як архіўныя запісы Радыё Свабода, так і песьні Зьмітра Бартосіка.

Пачатак у 18:00 па адрасе: Веры Харужай, 3-601.

Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі ад новай кнігі Зьмітра Бартосіка дзеліцца грамадзкі дзяяч і мовазнаўца Вінцук Вячорка.

Глыбоцкія прарокі маюць рацыю: «Беларусь будзець»

Падарожжы свабоднага Зьмітра Бартосіка я стараюся найперш слухаць. Ня толькі таму, што радыёслухач старых традыцыяў. Але і бо ведаю, якую поліфанію пачую. І людзкіх думак, і характараў, і розных беларускіх гаворак хрэстаматыю — на якія Зьміцер мае чуйнае вуха. То кніга для мяне — канцэнтрат беларускага космасу, слухачамі чутага, а Зьмітром бачанага, аб’еханага і пройдзенага.

Зайздрошчу ягонай жыцьцярадаснай здольнасьці разгаварыць людзей. Дзякуючы ёй маем прыклад таго, чым мае быць oral history, вусная гісторыя, у сьвеце прызнаны ня толькі ў літаратуры, але і ў гістарычнай навуцы жанр, калі падзеі асэнсоўваюцца празь лёсы і ўспрыманьне так званага «звычайнага» чалавека. У падсавецкай Беларусі гэтая шчырасьць не была магчымая. Зьміцер акурат і паказвае людзей Беларусі несавецкай і наагул не дамысьленай, а такой, як яна ёсьць. Пасьля гэтае кнігі ня трэба доўга тлумачыць, чым была калектывізацыя, або паваенны супраціў, або «лінія Сталіна»...

Але кампазыцыя кнігі цалкам пазытыўная. Глыбоцкія прарокі, якім аўтар аддаў апошняе слова, маюць рацыю. «Беларусь будзець».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG