Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давыдзькаў страх і кашуля Гарашчэні


Анастасія Дашкевіч

Ня так даўно старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька абараняў рыэлтара Аляксандра Гарашчэню, які на сваёй старонцы ў фэйсбуку абразіў народнага паэта Рыгора Барадуліна і забараніў свайму сыну вучыць у школе ягоны верш. Давыдзька абурыўся: ну выказаўся ён кепска пра Барадуліна, але навошта ж далей цкаваць чалавека? Я, маўляў, зь ім ня згодны, але чаго вы так накінуліся на яго пасьля прабачэньня?

Грамадзтва ўрэшце апамяталася ад летаргічнага сну і пачало бараніць сваё.

Прабачэньня як такога не было, ды і накідвацца на Гарашчэню ніхто не зьбіраўся — проста грамадзтва ўрэшце апамяталася ад летаргічнага сну і пачало бараніць сваё.

І вось я ўжо чытаю выказваньні Давыдзькі пра збор маладафронтаўцамі подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг: «Мой подпіс мог бы быць сярод гэтых. Хай бы гэты сьцяг быў бы нацыянальнай каштоўнасьцю. Але чаму маладафронтаўцы? Чаму не пакаралі? Чаму парушаецца закон 193.1 КК РБ і тыя маюць нахабнасьць дзейнічаць?»

Гэтыя дзьве заявы Давыдзькі найперш аб’ядноўвае звычайны страх. Страх, што тыя ідэі, зь якімі ўлады ваявалі два дзесяцігодзьдзі, бяруць верх. Давыдзька разумее, што палітычная каньюнктура імкліва мяняецца: ганьбіць нацыянальных пісьменьнікаў — значыць трапіць пад народнае асуджэньне. Агітаваць і зьвяртацца да нацыянальных сымбаляў — нацыястваральная неабходнасьць. Але яго ахоплівае страх, што гэты вецер пераменаў нясуць людзі, супраць якіх два дзесяцігодзьдзі было нацэлена шальмаваньне ад Белтэлерадыё.

Цяпер дзяржаўная лінія неакрэсьленая, асьцярожная — яна спрабуе падладзіцца пад новыя палітычныя выклікі.

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі — прыклад звычайнай ідэалягічнай абслугі. Ён разумее, што цяпер мусіць гаварыць так, а не іначай. Гэта людзі, якія ня маюць свайго меркаваньня, альбо ня маюць права яго агалошваць, калі яно не супадае зь дзяржаўнай лініяй. Цяпер дзяржаўная лінія неакрэсьленая, асьцярожная — яна спрабуе падладзіцца пад новыя палітычныя выклікі. І таму такія як Давыдзька «нібыта і за Барадуліна, нібыта і за сьцяг», бо ім страшна, бо яны ўсе прымяраюць на сябе кашулю Гарашчэні.

Давыдзька абараняе не Гарашчэню — ён абараняе сябе: «Ну так, я гвалтаваў вашае тэлебачаньне. Ну так, я прыйшоў да вас праз „Жалезам па шкле“, ну так, я безьліч разоў абражаў вас з экрана тэлевізара і не даваў вам слова, каб абараніцца, але ж я гатовы прызнаць свае памылкі! Вы прымеце мяне?»

Такія як Давыдзька разумеюць, што ім таксама прыйдзецца са сьлязьмі перапрошваць. Але абуджанае грамадзтва можа не задаволіцца каньюнктурнымі выбачэньнямі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG