Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 сьнежня як сон сюррэаліста 


Частка 1.

Менск, 10 сьнежня. Абедаю ў рэстаране «Васількі». Народная кухня, па радыё «Песьняры» сьпяваюць «Ткачых» Багдановіча: «Заміж пэрсідзкага ўзора цвяток радзімы...»

За акном лятуць машыны па праспэкту Незалежнасьці.

Гартаю міліцэйскую газэту, у афіцыйнай хроніцы бачу знаёмае прозьвішча — мэдалём Францыска Скарыны ўзнагароджана загадчыца катэдры беларускай і замежных моваў акадэміі МУС.

Заходзяць тры памежнікі — на рукавах шэўроны па-беларуску.

Нацыянальная бібліятэка ў жоўта-блакітных колерах (калаж з сацсетак)
Нацыянальная бібліятэка ў жоўта-блакітных колерах (калаж з сацсетак)


Адтуль еду ў нацыянальную бібліятэку на прэзэнтацыю самай вялікай кнігі вершаў па-беларуску — 22 795 радкоў, пераклад «Калевалы». Поўная заля, выступаюць міністар культуры, амбасадар Фінляндыі, незалежны выдавец, незалежны рэдактар, незалежны перакладчык, і ўсё па-беларуску. Увечары на прыёме да іх далучыцца былы віцэ-прэм’ер і доўга будзе расказваць на выдатнай беларускай мове пра сваю працу амбасадарам у Вільні і Хэльсынках і пра сваю радзіму ў Старых Дарогах.

І гэта толькі пачатак! Сёньня на нобэлеўскай цырымоніі ў Стакгольме кароль ушануе ляўрэата зь Беларусі, і фэервэрк з гэтай нагоды можна будзе пабачыць над Драздамі, дзе жыве прэзыдэнт. Сёньня Дзень правоў чалавека, і Дзяржсакратар ЗША назаве краіны, дзе гэтымі правамі грэбуюць — і ў пераліку ня будзе Беларусі.

Калі б 100, 50, 25 год таму так пабачылі гэтыя рэальныя фрагмэнты аднаго дня, мы памёрлі б ад шчасьця.

Частка 2.

Менск, 10 сьнежня. Абедаю ў рэстаране народнай кухні «Васількі». Афіцыянты гавораць па-расейску, мэню таксама... Па радыё пасьля песьні пра слуцкіх ткачых дзявочы голас радасна заводзіць «Мама, я в Дубае!» Няйначай, каб ткаць залатыя паясы.

За акном на праспэкт Незалежнасьці глядзіць дзесяцімэтровая бронзавая статуя бальшавіцкага правадыра, чый подпіс стаіць на расстрэльных сьпісах і пастановах, паводле якіх зьнішчылі мільёны людзей. Плошча, суседняя вуліца і завулак носяць імя гэтага ня горшага, як лічыцца, з вампіраў.

МУС, цэнтральны будынак,
МУС, цэнтральны будынак,


Купіў міліцэйскую газэту, на першай паласе міністар унутраных справаў тэлеграмай «искренне и сердечно» віншуе з «95-летием со Дня образования конрольно-ревизионных подразделений органов внутренних дел». Аказваецца, ёсьць і такое сьвята — «День ревизионного работника органов», якое хутка адзначыць сваё стагодзьдзе...

У рэстаран заходзяць тры памежнікі зь пяціканцовымі зоркамі на форме. Памежнікі ахоўваюць чатыры мяжы, а самая вялікая і пагрозьлівая застаецца адкрытай для чалавечкаў усіх колераў, ад зялёнага да наркатычнага.

На прэзэнтацыі "Калевалы" ў Менску
На прэзэнтацыі "Калевалы" ў Менску

​Еду ў нацыянальную бібліятэку на прэзэнтацыю перакладу эпасу «Калевала». Апроч супрацоўнікаў бібліятэкі ў невялікім фае пару дзесяткаў цікаўных, выступаюць міністар культуры, амбасадар Фінляндыі, незалежны выдавец, незалежны рэдактар, незалежны перакладчык. «Незалежны» азначае, што да выданьня кнігі дзяржава ня мае аніякага дачыненьня — перакладчык гадамі працаваў, не спадзеючыся на друк, рэдактар працаваў, бо даўні сябра перакладчыка, выдавец амаль дзесяць гадоў шукаў спонсараў, і грошы далі фінскія бізнэсмэны. Кнігу пакуль можна купіць толькі ў адной кнігарні.


Увечары на прыёме ў фінскай амбасадзе пазнаёмлюся з былым паслом Беларусі ў Фінляндыі, які некалі быў віцэ-прэм’ерам і ў гэтай якасьці падпісаў пастанову пра закрыцьцё беларускага ліцэя, дзе працавалі рэдактар і выдавец кнігі. Ліцэй па-ранейшаму працуе ў падпольлі.

Сьвятлана Алексіевіч атрымлівае Нобэлеўскую прэмію
Сьвятлана Алексіевіч атрымлівае Нобэлеўскую прэмію

Сёньня на нобэлеўскай цырымоніі ў Стакгольме кароль ушануе ляўрэата зь Беларусі, але гэтага не пабачаць гледачы дзяржаўных тэлеканалаў і пра гэта не прачытаюць чытачы дзяржаўных газэт, у школах ня пройдуць урокі, прысьвечаныя творчасьці пісьменьніцы.
Сёньня Дзень правоў чалавека, за тры месяцы да яго з турмы былі выпушчаныя шэсьць палітвязьняў, якія адседзелі разам больш за дваццаць гадоў. Кампэнсацыі ім ніхто ня выплаціў, прабачэньняў не прынёс, рэабілітацыі не чакаецца. У краіне няма свабодных выбараў, няма незалежных судоў, парлямэнту, свабоды слова, свабоды бізнэсу...

Гіём Апалінэр (Кастравіцкі) – паэт-сюррэаліст
Гіём Апалінэр (Кастравіцкі) – паэт-сюррэаліст

Калі б 100, 50, 25 год таму так пабачылі гэтыя рэальныя фрагмэнты гэтага дня, мы памёрлі б ад сораму.

Частка 3.

Цяпер ясна, чаму слова «сюррэаліст» сто год таму прыдумаў чалавек зь беларускімі каранямі.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG