Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьне


Аляксандар Лукашук

Прадмова да кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста чацьверты».

Жыла-была прынцэса.

І калі споўнілася ёй тысяча дзён, захацела яна ўзяць шлюб.

Казачны час ляціць хутка — прынцэса была ўжо самастойная, мела сваё войска і скарбніцу, суседзі запрашалі ў госьці і прысылалі паслоў, ёй падалося, што яна ўжо дарослая і ўсё ведае, і не хапае толькі клапатлівага гаспадара, як ва ўсіх навокал, які б верна служыў, усё зьберагаў і памнажаў.

Розныя прынцы дамагаліся яе рукі. Адзін абяцаў будучыню, другі мінуўшчыну, а трэці абяцаў казку, у якой будзе ўсё: мінулае і будучыня, праўда і справядлівасьць, свабода і парадак. Зачараваў прынцэсу ягоны голас і пабралася яна з тым трэцім.

Звычайна тут усе казкі і канчаюцца — маўляў, сталі яны жыць-пажываць ды дабра нажываць.

Але гэтая казка незвычайная: адразу пасьля шлюбу прынц замкнуў прынцэсу ў вежы і спыніў вежавы гадзіньнік, час застыў і ўсе заснулі. Іх вочы бачылі толькі тое, што паказвалі ў зачараваным люстэрку, а вушы чулі толькі тое, што казаў новы гаспадар. А тых, на каго чары не падзейнічалі, пачалі лавіць і ў турмы саджаць.

Як так выйшла? Хто вінаваты? Чаму столькі цягнецца гэты сон?

Адказы схаваныя за высокімі сьценамі, складзенымі зь мёртвых гадоў, за палямі небясьпечных, як міны, пытаньняў, у гушчары падступных, як дрыгва, летапісаў.

Патрэбныя дакладная мапа, надзейны компас і дасьведчаны праваднік. І хто лепш падыходзіць на гэтую ролю, як не чалавек, які быў з прынцэсай яе першую шчасьлівую тысячу дзён, верыў у яе прышласьць, спрабаваў засьцерагчы ад аблуднага выбару і абудзіць ад летаргіі і, нягледзячы ні на што, яе любіць?

За ім!

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG