Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шкада Расею


Аляксандар Лукашук і Барыс Нямцоў

Мы сядзелі адзін насупраць аднаго ў рэстаране каля Карлавага мосту: я сьпіной, а Нямцоў, як госьць, зь відам на Влтаву, на каменныя скульптуры, якія пачыналі чарнець у праменьнях вечаровага сонца. Але Нямцоў не глядзеў на адну з самых прыгожых панарамаў у сьвеце, а расказваў пра нядаўнюю паездку ў Менск.

Расказваў — ня тое слова: гэта быў тэатральны маналёг, спэктакль аднаго актора, жывы, драматычны, з дэтэктыўным зьместам, экспрэсіўнымі жэстамі, паўзамі, якія выбухалі сьмехам і сьвяціліся лёгкай радасьцю перамогі дасьціпнасьці над тупасьцю, спрыту над сілай, чалавека над машынай.

Яго прыезд у Менск, на зьезд АГП быў сапраўднай авантурай у першасным значэньні гэтага слова, адважнай прыгодай — нягледзячы на статус дэпутата расейскай Дзярждумы, Нямцоў, пасьлядоўны і жорсткі крытык беларускага рэжыму, быў «неўязны» у «саюзную дзяржаву». Пасьля затрыманьня ў Менскім аэрапорце, няўцямнай канфіскацыі грошай, беларускае ТБ круціла выкрывальніцкія кадры —вось, маўляў, адкуль апазыцыя атрымлівае падтрымку.

Нямцоў сапраўды падтрымліваў беларускую дэмакратычную апазыцыю, сябраваў з Анатолем Лябедзькам, і палічыў для сябе справай гонару прыехаць у Менск нягледзячы на пагрозы і забароны. І вырашыў зрабіць гэта тэатральна і публічна.

У тэлефонных размовах, у інтэрвію некалькі разоў заявіў, што так, зьбіраецца, паедзе, едзе. На машыне. Праз Смаленск. Але пакуль ягоныя званкі слухалі ў Менску і пасылалі спэцгрупы на перахоп на мяжы, ён з калегамі садзіўся на чартэрны рэйс з Масквы ў Гомель, дзе іх ужо чакаў замоўлены аўтобус для паездкі ў Мазыр.

— Селі ў аўтобус, выехалі з аэрапорта, я падыходжу да вадзілы і кажу — зьмена плянаў, не Мазыр, а Менск. Той быў зьдзівіўся і запярэчыў, у яго пуцёўка, маршрутны ліст, але пасьля невялікай сумы больш пытаньняў не задаваў, і праз некалькі гадзінаў мы былі ў цэнтры Менска. А паўсюль пярэпалах, чакаюць мяне за Смаленскам, а там няма — уявіце, што рабілася ў эфіры!

Сонца пакрысе садзілася, але промні якраз напоўнілі тую частку рэстарана, дзе мы сядзелі, і здавалася, што цяпер поўдзень, і наперадзе доўгі-доўгі летні дзень.

У Менску ля офіса АГП Нямцова сустракалі ня толькі сябры, але нейкае начальства з беларускіх спэцслужбаў, здаецца, два чалавекі, якія на ўсякі выпадак пасьвіліся паблізу. Шок, калі яны пабачылі Нямцова, даставіў яму невыказнае задавальненьне — расказваючы пра гэта ў Празе, ён зьзяў, яшчэ раз перажываючы перамогу ў той гульні.

Нямцоў быў частым госьцем на Свабодзе. Яго справы, словы, каштоўнасьці прадстаўлялі тую Расею, якая выклікае павагу і дае надзею на лепшае і для саміх расейцаў, і для суседзяў.

Бязьлітасны апанэнт рэжыму Пуціна, Нямцоў даўно ўжо атрымліваў пагрозы ад вядомых і невядомых ворагаў і перасьцярогі ад людзей, якія яго любілі і паважалі. Здавалася, ён паводзіць сябе так, быццам усё гэта гульня, і гэта мела надзвычайны эфэкт: страх адступаў, аптымізм зараджаў, сьмех не змаўкаў, і любоў да жыцьця была ўзаемнай.

Да мінулай ночы.

Я ўзгадваю сёньня тую вячэру каля Карлавага мосту, прыемны і радасны вечар, які не хацеў сканчацца і працягнуўся потым прагулкай каля рэчкі, і думаю, што б ён сам сказаў пра сваё забойства?..

Ён ведаў. Але працягваў гуляць з агнём, бо альтэрнатывай была поўная цемра.

Зьнік яшчэ адзін промень сьвятла.

Шкада Расею.

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG