Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што мы ведаем пра здароўе прэзыдэнта


Ганна Соўсь

Упершыню больш чым за 20 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі было публічна паведамлена пра ягоны стан здароўя (апэрацыю на каленным суставе, праведзеную ў лечкамісіі). І гэта ўсё, што мы ведаем пра стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі.

З-за поўнай адсутнасьці інфармацыі пра стан здароўя кіраўніка Беларусі ўсе гэтыя 20 гадоў было поўна чутак, спэкуляцый і інтэрпрэтацый на гэтую тэму. Абмяркоўвалі праблемы са сьпінай нібыта з-за траўмы ў маладосьці, дадумвалі, чаму Аляксандар Лукашэнка на некаторы час зьнік з тэлеэкранаў пасьля Плошчы-2006, і чаму, зьявіўшыся на інаўгурацыі, выглядаў ня надта здарова, аматары папляткарыць прыпісвалі кіраўніку Беларусі адну з найбольш распаўсюджаных у мужчынаў яго ўзросту анкалягічную хваробу рак прастаты, поўна спэкуляцый было і з нагоды скандальнага даягназу псыхіятара-эмігранта Дзьмітрыя Шчыгельскага — мазаічнай псыхапатыі.

Чаму цяпер паведамілі пра стан здароўя кіраўніка Беларусі?

Ці гэта зьвязана з прыходам новай прэсавай сакратаркі Натальлі Кірсанавай (Эйсмант), якая мае вопыт працы на тэлебачаньні, і прапанавала новыя падыходы ў гэтым пытаньні?

Магчыма, але Аляксандар Лукашэнка збольшага сам вызначае і вырашае, што можна гаварыць, а што не.

Ці проста немагчыма было б схаваць праапэраваную нагу, бо рэабілітацыя пасьля такой апэрацыі даволі працяглая? З аднаго боку так, а з другога можна было б і схаваць, калі паказваць кіраўніка дзяржавы толькі за сталом ці ў пэўных ракурсах.

Але ў Беларусі так мала нармальнага ў паводзінах улады, што норма ўжо даўно ўспрымаецца як нешта не зусім нармальнае...

Ёсьць яшчэ адна вэрсія, зьвязаная зь ягоным расейскім калегам Уладзімерам Пуціным. Нядаўна прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта быў вымушаны абвяргаць шырока растыражаваную інфармацыю пра тое, што ва Ўладзімера Пуціна нібыта выяўленая цяжкая форма рака. Першай пра гэта напісала выданьне Page Six, якое зьяўляецца дадаткам да нью-йоркскага таблоіду New York Post. Журналіст Рычард Джонсан са спасылкай на ўласную крыніцу сьцьвярджаў, што расейскі прэзыдэнт хворы на рак падстраўнікавай залозы і лекаваўся ў нейкага лекара з Усходняй Нямеччыны, зь якім ён пазнаёміўся, калі служыў у Дрэздэне афіцэрам КДБ.

Пуцін на прыёме ў лекара ў Смаленску
Пуцін на прыёме ў лекара ў Смаленску

Магчыма, абнародаваньне інфармацыі пра апэрацыю кіраўніка Беларусі стала спосабам запабегчы розных чутак і спэкуляцый, якія маглі зьявіцца ў сувязі зь яго адсутнасьцю на тэлеэкранах.

Такая публічнасьць дае магчымасць выбарнікам ведаць стан і прагноз здароўя чалавека, які прымае рашэньні, што тычацца ўсіх.

Але гэта ўсё вэрсіі. А насамрэч гэта нармальная і абавязковая працэдура ў дэмакратычных краінах — паведамляць пра здароўе прэзыдэнта. Раз на некалькі гадоў прэзыдэнт ЗША праходзіць абавязковы мэдычны агляд, пасьля якога публічна гаворыцца пра стан зароўя прэзыдэнта — ягоны ціск, вагу, узровень халестэрыну, магчымыя праблемы, якія варта перадухіліць зьменамі ў харчаваньні альбо ладзе жыцьця, гаворыцца пра тое, як высока мэдыкі ацэньваюць рызыку сардэчна-сасудзістых хваробаў, лекары паведамляюць пра шкодныя звычкі прэзыдэнта (як у Абамы — курэньне) і раяць адмовіцца ад іх, і гэтак далей.

Такая публічнасьць дае магчымасць выбарнікам ведаць стан і прагноз здароўя чалавека, які прымае рашэньні, што тычацца ўсіх.

Паведамленьне пра аперацыю, якую перанёс Лукашэнка з гэтага пункту гледжання — нармальная рэч.

Але ў Беларусі так мала нармальнага ў паводзінах улады, што норма ўжо даўно ўспрымаецца як нешта не зусім нармальнае...

Глядзець камэнтары (8)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG