Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня ўсякі выбух “тэрарызм”


Наталка Васілевіч
У судах я бываю нячаста, але ўвесь досьвед маіх кантактаў з судовай уладай спарадзіў да яе ўстойлівае пачуцьцё недаверу. Гэты досьвед быў у фармаце “ад трэцяй асобы” данесены да чытачоў “Народнай волі” Валерыем Шчукіным у артыкуле “Когда врет омоновец...”, які распачынаўся словамі “Судили Наталью Василевич.”.

У гэтым досьведзе няма нічога новага і незвычайнага. Судовая ўлада ў жаночым абліччы сьмяецца табе ў твар, і нягледзячы на ўсе доказы тваёй невінаватасьці, скляпаўшы бездакорную судовую пастанову, зачытвае свой вэрдыкт з санкцыяй. Сацыяльна арыентаваная дзяржава, у якой судзьдзям забясьпечваюцца неблагія сацыяльныя гарантыі. У патрэбе ж таго, каб дзяржава была яшчэ і прававой, дзе забясьпечвалася б уся гэтая незалежнасьць судзьдзяў, іх справядлівасьць і бесстароннасьць, людзям даводзіцца задумвацца толькі на лаве падсудных.

У кантактах з судамі я была асобай, якая прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасьці, і раптам стала асобай, якая прыцягваецца для ўдзелу ў дзейнасьці суда па ажыцьцяўленьні правасудзьдзя, іншымі словамі, народным засядальнікам. Спачатку мы ўставалі-суд-ідзёт, потым мы сядзелі, цяпер жа будзем засядаць. Такія мэтамарфозы лёсу. І што яшчэ выкіне лёс у сацыяльна арыентаванай дзяржаве?

У Вярхоўным судзе разглядаецца гучная справа. Абвінавачваюцца грамадзяне Канавалаў і Кавалёў, але не іх асобы прыцягваюць увагу шырокай грамадзкасьці. Слухаецца справа пра выбух 11 красавіка 2011 года. Тэрарызм? Артыкул 298? Частка 3? “Зьдзяйсьненьне выбуху... з мэтай...” Не ўсякі выбух, што прывёў за сьмерці людзей і прынёс ім цялесныя пашкоджаньні можа быць кваліфікаваны як “тэрарызм”. Для тэрарызма патрэбная пэўная мэта, а мэтай была, паводле заключэньня абвінаваўцаў, “дэстабілізацыя грамадзкага парадку і застрашэньне насельніцтва”. Пры гэтым, як мы чытаем у той зьлітай у інтэрнэт “Пастанове аб перадачы крымінальнай справы пракурору для накіраваньня ў суд”, выбухі ў Віцебску, пачынаючы з 2000 года Канавалаў рабіў не дзеля застрашэньня насельніцтва, “з хуліганскіх намераў”.

Гледзячы на меркаваньне сьледзтва, злачынная эвалюцыя ня толькі прывяла да ўдасканаленьня выбуховых прыладаў, а таксама маштабаў наступстваў, злачынная эвалюцыя закранула і матывы - ад “хуліганскіх намераў” да “дэстабілізацыі грамадзкага парадку і застрашэньня насельніцтва”. Чаму выбух у сьнежні 2000 года ў пад’езьдзе, які, паводле словаў пастановы пра перадачу справы ў суд, адбыўся з выкарыстаньнем “спэцыяльна прыстасаванага для нанясеньня цялесных пашкоджаньняў, зьнішчэньня ці пашкоджаньня маёмасьці... у выніку якога была створана небясьпека гібелі нявызначанага кола асобаў і прынясеньня ім цялесных пашкоджаньняў”, быў проста хуліганствам; а выбух пад адкрытым небам - на прыпынку ў Віцебску ў 2005 годзе - ужо тэрарызмам.

Для кваліфікацыі ж злачынства, для вызначэньня яго складу ў выпадку з тэрарызмам патрэбна ўстанавіць не толькі факт выбуху ці падпалу, але таксама і мэты, якія ставіліся. Я так разумею, мэты вызначаліся ў залежнасьці ад выніку: калі ў 2000 годзе насельніцтва і ведаць ня ведала пра выбух у пад’езьдзе, значыць, застрашэньня не было; калі ж пасьля выбуху на прыпынку ў Віцебску ў 2005 годзе насельніцтва было застрашанае, значыць ставілася мэта застрашэньня. Таму ў пад’езьдзе - хуліганства, а на прыпынку - тэрарызм.

У 2008 годзе акрамя застрашэньня насельніцтва, на меркаваньне сьледчых, мэты выбухаў прырасьлі яшчэ і дэстабілізацыяй грамадзкага парадку. Чаму ў Віцебскім выбуху бачаць толькі застрашэньне, а дэстабілізацыя зьяўляецца ўсяго толькі ў 2008 годзе, а паўтараецца ў 2011? І чаму сьледчыя не кваліфікуюць выбух у мэтро як забойства - наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленьне жыцьця двух ці больш асобаў, зьдейсьненае агульнанебясьпечным спосабам, з асаблівай жорсткасьцю, з хуліганскіх намераў (арт. 139 ч.2)?

Значыць, у сьледчых ёсць доказы таго, што ў 2005 годзе выбухі зьдзяйсьняліся з мэтай застрашэньня насельніцтва, а ў 2008 і 2011 - з мэтай застрашэньня і дэстабілізацыі? І не толькі велічынёй наступстваў яны адрозьніваюць ад больш раньніх хуліганскіх выбухаў, але і мэтамі, якія ставілі перад сабой меркаваныя злачынцы?

У судах я бываю нячаста, але заняткі па крымінальным праве не прагульвала, і задачкі на правільнае вызначэньне складу злачынства рашала ўважліва. Строгая мова крымінальнага кодэксу адрозьніваецца ад звычайнай мовы, якой карыстаюцца “радзі краснага слаўца”. Адны і тыя ж зьнешне дзеяньні могуць быць кваліфікаваныя па розных артыкулах крымінальнага кодэксу ў залежнасьці ад матываў ажыццяўленьня гэтых дзеяньняў.

Клясычны прыклад з заняткаў крымінальнага права - выпадак з шапкай. Ідзе сабе мінак у шапцы. Да яго падбягае іншы чалавек і шапку з галавы схапіў, і далей пабег. Калі ў злодзея было завалоданьне чужой маёмасьцю з карысьлівай мэтай (шапку прапіць, прадаць, самому насіць), то гэта будзе рабаўніцтва. Калі ж злодзей троху адбег з шапкай, а потым яе, дапусьцім, падпаліў, разарваў на шматкі і г.д., то ягоныя дзеяньні ня мелі карысьлівай мэты, а шапкай ён завалодаў з хуліганскіх намераў (парушыў грамадзкі парадак і выказаў яўную непавагу да грамадзтва, суправадзіўшы гэта зьнішчэньнем ці пашкоджаньнем чужой маёмасьці). Мінак застаўся без шапкі і яму, як бы, усё роўна, ён пацярпеў аднолькава. А для кваліфікацыі злачынства намеры істотныя.

Выбух 2011 года скалануў Беларусь. Загінулі людзі. Многія атрымалі цялесныя пашкоджаньні. Мноства людзей перажыло фізычны і маральны боль. Насельніцтва было запужанае. Суд мае ня толькі вызначыць ступень віны Канавала і Кавалёва ў тым, што адбылося на станцыі мэтро “Кастрычніцкая”, але вызначыць, ці былі гэтыя трагічныя падзеі актам тэрарызму.

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG