Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Еўтушэнка — добры чалавек з СССРу


Злаба — гэта проста адсутнасьць здольнасьцяў. Хто пяе песьню, або ладзіць машыну, або садзіць рыж, той добразычлівы. І вы такі ж.


Бэртольд Брэхт. Добры чалавек з Сычуані



Яўген Еўтушэнка — вельмі зразумелы, блізкі амаль кожнаму, чый корань (або якар?) у глыбіні савецкай эпохі. Пра яго хочацца сказаць: «добры савецкі чалавек» — ва ўсіх сэнсах добры, ды яшчэ з паэтычным талентам. Не, ён не «савок», што заўсёды згодны з думкаю большасьці й задаволены ўрадам і незадаволены падазронымі паводзінамі суседа. Ён менавіта й ня згодны быў, і спагадлівы. Дадаваў савецкай атмасфэры нейкі струмень рамантычнага кіслароду, а наўзамен атрымліваў трывалую глебу пад нагамі — каб стаяць і высіцца.


На Беларусь ён прыехаў напрасткі з Савецкага Саюзу. Еўтушэнка — вялікі вандроўца. І куды б ён ні прыбыў, здаецца — адтуль. Дакладней, гэты прадонны засек страхаў, славы, ціхай фронды й голаснага згодніцтва паэт паўсюды цягае за сьпінай, нібы смоўж — свой вялізны скарб. Гэта й заўважылі ягоныя слухачы-гледачы, якія наведалі «канцэрт» 7 траўня і зрабілі ласку пакінуць свае думкі з нагоды — на старонках блогаў і ў рэпліках форумаў:


­­— Сталін і праблемы, зьвязаныя зь ім, абрыдлі. Усё гэта шмат разоў чулі, бачылі ў многіх з розных нагодаў. Зноў усё гэта выслухваць на канцэрце паэта надакучліва. Жыцьцё адкацілася наперад, зашмат новых актуальных праблемаў.


— Учора былі на творчым вечары. Расчараваньне поўнае! За два аддзяленьні прачытана 10-12 вершаў. Астатняе — размовы пра вядомыя рэчы даўно вядомымі словамі.


— Нават пра агульнавядомыя рэчы магчыма гаварыць цікава, а не агучваць замуленыя, усімі асвоеныя ісьціны. Маэстра застаўся ў мінулым, і гэта нармальна.


Гавораць наведвальнікі форуму ТУТ, што сабраўся дзеля абмеркаваньня інтэрвію вершатворцы.


Зразумела, менавіта тое, што раздражняе адных, іншым — самы цымус, дзеля таго й ішлі:


— Мне вельмі падабаецца Яўген Еўтушэнка. Вялікі паэт і проста выдатны чалавек. Ягоная паэзія — гэта жыцьцёвы досьвед яго самога і шматлікіх пакаленьняў. Мы вучымся жыць дзякуючы ягоным вершам.


— А я была на канцэрце, і мне спадабалася. Вершы магчыма прачытаць і з кнігі, у Еўтушэнкі голас падселы — чытаць зацяжка. Затое ягонае бачаньне падзеяў, жыцьця ўвогуле, тая атмасфэра, што ён стварае наўкол — вось нашто людзі ходзяць на гэткія вечары. І гэта ўсё там было!!!!!


Адказваюць на той жа пляцоўцы гіпэркрытыкам.


Што характэрна: беларускамоўных водгукаў на гэную паэтычную падзею, бадай што, няма ўвогуле. Здаецца, беларускія паэты — як Марыйка Мартысевіч — Еўтушэнку даўно забілі (прынамсі, у саміх сабе) ды ў кампаніі з украінскімі — справілі хаўтуры.

«У пятніцу была на канцэрце паэта Яўгена Еўтушэнкі — гэта была вельмі моцная, вельмі эмацыйная, і такая бясконцая гісторыя плянэты. Учора ўвесь вечар прабавіла ў коле сям’і, фарбавала, пад чульлівым кіраўніцтвам таты, стол у салатавы колер», — паведамляе аматарка паэзіі vasilinka пра ціхія будзённыя справы. Мабыць, у гэтым і засяроджаная ўся прывабнасьць «ясенінска-маякоўскай» лірыкі добрага савецкага паэта? Ён і ўтульны, і нейкая гіпатэтычная прастора адкрываецца за ягонымі плячыма. Чым інакш патлумачыць стылістычнае падабенства тых, хто імкнуўся паслухаць яго й не расчараваўся?


«...Зьела цудоўны кекс (цэнім, шануем, сумуем па вышуканасьцях), наведала выступ Еўтушэнкі, пазахаплялася й парадавалася (слухаць вершы ад аўтара — вялікая асалода), прашпацыравала па начным Менску, па начным вакзале, прыехала дадому й наелася ралтону», — непатрабавальная into-dust распавядае пра чараду быццам аднаістых учынкаў.


Ніхто на Еўтушэнку ня лаецца, ніхто яго па-сур’ёзнаму не адкідае, нібы прыкрую рэштку мінулага. Гэтая рэштка — гожая. Мірны як кекс і рамантычны як начны Менск, паэт няблага гарманіруе зь беларускім ладам быцьця, нават расчыняецца на тле тутэйшай сьціплай няшматкаляровай рэальнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG