Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыла: "Страляў з аўтамата тры разы, але навучыўся прасаваць"


“Мне яшчэ цяжка верыцца, што я заўтра прачнуся, не пачуўшы каманды “Дывізіён, пад'ём!” – сказаў камісаваны І.Шыла ў тэлефоннай гутарцы ў “Начной Свабодзе: выніках дня”, калі яшчэ ехаў зь Менску ў Салігорск.

Міністэрства абароны вырашыла ня браць на сябе адказнасьці і не трымаць хворага на алергію салдата ў войску яшчэ восем месяцаў, лічыць Іван Шыла:

“Па-першае: было прынята рашэньне. Усё адбылося даволі хутка, у нязвыклыя для войска тэрміны – літаральна за тыдзень. Начальнік шпіталю палкоўнік Савіцкі сказаў мне, што “яны палітыкай не займаюцца"... Другі момант – у войска празь мяне, пэўна, былі пэўныя праблемы, перадусім у камандаваньня маёй брыгады...”

Адказваючы на пытаньне пра магчымасьць эпідэміі ў войску, Іван Шыла расказаў:

“У маёй частцы эпідэмія нікога не закранула, але шанцы мае. Казармы халодныя, няма вітамінаў. Магу прыгадаць, быў пэрыяд, калі анучы прымярзалі да ботаў і пакрываліся лёдам. Таму што мала хто сёньня думае пра здароўе салдатаў. Як прыходзіш у войска ўзімку, калі харчаваньне кепскае, калі халодна, дык шанцы захварэць большыя. Таму выпадак з Франакам Вячоркам і ягонымі саслужыўцамі мяне ня дзівіць. Мой прагноз адносна маёй часткі – калі эпідэмія прыйдзе, дык яна закране вялізарную колькасьць салдатаў адразу. Лік будзе ісьці на палову часткі ці нават больш”.

Ці трэба служыць хлопцу ў войску? Думка Івана Шылы:

“Думаю, што трэба. Але – не ў такім войску. І тут мой адказ будзе грунтавацца на тым, што войска – гэта вялікі сацыяльны інстытут. Гэта – досьвед. На жаль, чалавечаму досьведу нельга надаць пэўнае адценьне – добры ён ці дрэнны, пазытыўны ці не. Пытаньне ў тым, як чалавек ім скарыстаецца. Войска ці паездка службовая ў Аўстралію – па вялікім рахунку, аднолькава. Ня тое што аднолькава, але не магу сказаць, што адно добра, а другое кепска. І войска – гэта вялікая школа. Але залежыць ад чалавека, як ён яе пройдзе. І мы кажам цяпер толькі пра чалавека, пра ўрокі, якія ён з войска вынесе. Але гэта ніяк не мяжуе з паняцьцем абароны краіны. Так, я ў войску навучыўся шыць. Я навучыўся прасаваць. Але я страляў з аўтамата толькі тры разы. Некалькі разоў сядзеў у баявой машыне. Астатні час выконваў пабытовыя задачы. І калі чалавек хоча навучыцца шыць, абіраць бульбу, мыць посуд – так, ён навучыцца. За грошы падаткаплатнікаў арганізоўваецца такая фікцыя на 60 тысяч чалавек. Але казаць, што войска ня толькі выхоўвае, але й ставіць на мэце абарону краіны? Вось тут – вялікае пытаньне”.

Слухаць інтэрвію:

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG